Ці патрэбныя ў Беларусі бэбі-боксы для бацькоў, якія кідаюць сваіх дзяцей?

Немаўлят, якім было ўсяго некалькі гадзін ад нараджэння, знаходзілі ў розных раёнах і гарадах Беларусі на сметніках, у цэхах па перапрацоўцы смецця, нават у выграбных ямах. Еўрарадыё за няпоўны 2014 год налічыла шэсць такіх выпадкаў!

Альтэрнатыва мацярынскаму зверству — бэбі-боксы. Гэта спецыяльнае месца ў медустанове ў выглядзе акенца з боку вуліцы (таму гэтыя боксы яшчэ называюць “вокнамі жыцця”) і спецыяльным ложкам з унутранага боку будынка. Маці, якая хоча пазбавіцца нованароджанага, замест сметніка можа прынесці яго сюды. Калі ў боксе з’яўляецца дзіцятка — раздаецца сігнал, і немаўля забіраюць медыкі. Каля бэбі-бокса няма ні відэакамер, ні аховы.

Пра неабходнасць стварэння бэбі-боксаў у Беларусі Генеральная пракуратура кажа з 2009 года. Сёння пра гэта зноў загаварыў намеснік начальніка Упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Аляксей Падвойскі. Ён заўважыў, што актуальнасць праблемы захавалася дагэтуль. Але прыхільнікаў і праціўнікаў гэтага спосабу захаваць жыццё шмат.

Да прыкладу, міністр працы Мар’яна Шчоткіна яшчэ ў 2012 годзе сказала пра тое, што боксы будуць падштурхоўваць маці да безадказнасці.

"Ствараючы спрошчаную сістэму адмовы ад дзяцей, мы адначасова ствараем умовы для безадказных паводзін бацькоў. Не трэба рэтушаваць сутнасць з’явы за іншаземным тэрмінам. Дзіця — не цацка, якую захацеў — набыў, захацеў — здаў”.

У Міністэрстве аховы здароўя ўказваюць на тое, што ў Беларусі не існуе неабходнай заканадаўчай базы, таму і пытанне стварэння бэбі-боксаў не разглядаецца.

“Вельмі многія завязаныя ведамствы. Трэба многае мяняць у заканадаўстве. Таму ніякай перспектывы існавання бэбі-боксаў у Беларусі няма. Хто будзе адказваць за кінутае дзіця? Дзяржава?” — абураюцца медыцынскія чыноўнікі.

Чыноўнікі быццам і не чуюць, што замест трупа на сметніцы мы атрымаем выратаванае жыццё немаўляці! Больш істотнай здаецца думка: “Калі маці задумала забіць дзіця, ніхто яе не стрымае”.

Сваё меркаванне мы папрасілі выказаць і людзей, якія займаюцца дзецьмі-сіротамі. Да прыкладу, выканаўца абавязкаў дырэктара сацыяльнага прытулку для дзяцей у Савецкім раёне Мінска Наталля Варабей цалкам падтрымлівае ідэю стварэння боксаў.

“Лепш быць сіратой, чым памерці на сметніцы! Зразумела, трэба ствараць такія боксы!” — упэўненая жанчына.

Еўрарадыё звязалася з Дабрачынным фондам “Калыска надзеі”, што ў Пермскім краі Расіі. Тут цяпер усталяваныя тры бэбі-боксы, а ўсяго ў 11 рэгіёнах суседняй краіны існуе 21 “акно жыцця”.

Сацыяльны праект існуе з 2011 года і набыў статус федэральнага. Побач з кожным акном вісіць стэнд з тэлефонамі даверу, сацработнікаў, куды бацькі маглі б звярнуцца ў крызіснай сітуацыі. Таксама былі створаныя крызісныя цэнтры для жанчын з дзецьмі і з’явілася ідэя па стварэнні праекта “Ананімныя роды” для барацьбы з хатнімі і крымінальнымі абортамі.

Праца Фонду ўжо дае плён, расказваюць яго супрацоўнікі.

“Мы існуем 4 гады, і за гэты час было выратавана 28 немаўлят праз гэтыя бэбі-боксы. Чацвёра дзетак былі вернутыя ў родныя сем’і пасля працэдуры ДНК. А астатніх немаўлят усынавілі”.

У Фондзе кажуць, што ўсе дзеткі былі абсалютна здаровымі, нягледзячы на тое, што былі народжаныя ў хатніх умовах. Расійскія спецыялісты адзначаюць, што з моманту адкрыцця боксаў адбылося зніжэнне ўзроўню дзетазабойства.

“Да прыкладу, у Пермскім краі паказчык знізіўся з 7 выпадкаў за 2011 год да двух у 2012 і 2013 гадах”, — прыводзяць статыстыку ў Фондзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі