Ці працуе схема прыборкі пад’езда без ЖЭСа?

Ці працуе схема прыборкі пад’езда без ЖЭСа?

З 1 студзеня прыборка пад’ездаў выведзеная з паслуг ЖЭСа па тэхабслугоўванні. Цяпер гэта асобная платная паслуга, якую жыльцам дома, як варыянт, прапануюць рабіць самастойна альбо з прыцягненнем іншай арганізацыі. Што для гэтага трэба? Найперш — атрымаць згоду пад'езда.

 

Каб зняць з аплаты прыборку, трэба правесці стоадсоткавае апытанне жыхароў гэтага пад'езда”, — тлумачаць у ЖРЭА Цэнтральнага раёна Мінска. Хто будзе прыбіраць далей — аб’яднанне ўжо не цікавіць. Тут кажуць, што дамоўленасці паміж жыхарамі і выканаўцам паслугі жыльцы мусяць рэгуляваць самастойна:

Людзі, якія адмовіліся ад прыборкі, далей самі вырашаюць свае праблемы. А калі прыбіраць не будуць і будзе прадпісанне санстанцыі, то мы прыйдзем, прыбярэм і выставім аплату”.

 

Разгледзім тры верагодныя варыянты адмовы ад паслуг ЖЭСа.

 

  1. Жыхары абралі прыватную фірму для прыборкі свайго пад’езда.

  2. У адной з прыватных фірм распавядаюць, што з фізічнымі асобамі, жыльцамі пад’езда, дамову заключаць не будуць. З кім тады павінен заключацца дагавор?

Калі верыць “Парталу камунальнай граматнасці насельніцтва”, гэта задача заказчыка — КУП “ЖКГ” раёна. У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы пацвердзілі гэта і апісалі прыблізную далейшую схему:

“Гэта з’яўляецца асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай, таму дагавор павінен ісці праз ЖКГ. Пройдзе месяц, арганізацыя выканае працы, падпіша ў старшага па пад’ездзе акт выкананых работ. І потым сума налічыцца ў жыроўкі па кватэрах”.

Пры гэтым КУП “ЖКГ” створаны яшчэ не ва ўсіх раёнах, як і не ўсе пакуль ЖЭСы перафарміраваныя ў ЖЭУ. Але ў Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы кажуць, што гэта справа бліжэйшых тыдня-двух.

 

  1. Жыльцы знайшлі сярод суседзяў пенсіянерку, якая не супраць за аплату выконваць гэтую паслугу.

Пенсіянерка не зможа, як фізічная асоба, штомесяц атрымліваць ад астатніх жыльцоў грошы, бо гэта будзе парушэннем закона. Падатковая раіць афармляць ІП. У гэтым выпадку ні ЖЭС, ні ЖРЭА, ні ЖКХ не ўмешваюцца.

 

  1. Жыльцы самі вырашылі прыбіраць пад’езд па чарзе.

Ідэальны варыянт. Прынамсі, у тэорыі. Суседзі вызначаюць графік і перыядычнасць уборкі ды прыбіраюць па чарзе. Праўда, згода на гэта патрэбная ад усіх кватэр, а не большасці, як у выпадку з прыватнай фірмай.

 

Ці з’явіўся хоць адзін такі незалежны пад’езд, у ЖРЭА Цэнтральнага раёна пакуль сказаць не могуць, маўляў, зарана. А вось у ЖРЭА Заводскага раёна кажуць, што пакуль ніхто жаданнем не гарыць:

“Не хочуць. Колькі прапаноўвалі, пакуль што не”.

Нядаўна сталі вядомыя кошты на прыборку пад’ездаў ЖЭСам, якіх варта чакаць у студзеньскіх жыроўках. Для двухпакаёўкі на 48 квадратных метраў у 5-павярховым доме паслуга будзе каштаваць 19 200 рублёў з кватэры, у 9-павярховіку — 24 000, у 12-павярховіку — 37 440.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі