Ці ведаў прэм’ер-міністр пра “незаконнае пагадненне” на “Барысаўдрэве”?

У гісторыі з судом над Уладзімірам Мальцавым нядаўна ўсплыла сенсацыйная дэталь. Сайт naviny.by звярнуў увагу на тое, што пагадненне, якое ён “незаконна заключыў” з турэцкай фірмай Bersey, насамрэч была прапісаная ў пастанове Савета міністраў №324. Праўда, канкрэтнага подпісу прэм’ера ніхто не пабачыў.

Фота naviny.by

 

Цікавімся ў Савеце міністраў, ці з’яўляецца дакумент фэйкавым. 

“Усе пастановы ёсць у адкрытым доступе на сайце pravo.by. Каментаваць я не маю права: няма паўнамоцтваў”, — пацвярджае існаванне паперы Вольга Долгая, прэс-сакратар прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча (пастанова на pravo.by сапраўды размешчаная). 

Еўрарадыё: Чалавека судзяць за незаконнае заключэнне ўгоды з турэцкай кампаніяй. І тут у СМІ публікуецца пастанова Савета Міністраў, якая дае гендырэктару індульгенцыю супрацоўнічаць з туркамі. Як бы вы гэта маглі пракаментаваць?

Вольга Долгая: “На гэтае пытанне кампетэнтна павінныя адказаць праваахоўныя і судовыя органы. Я каментаваць гэтую пастанову не магу, не з’яўляюся кампетэнтнай”.

Нагадаем, што былога кіраўніка абвінавачваюць у “злоўжыванні службовым становішчам”. Пры гэтым Мальцаў нікога не збіў, нічога не скраў, не пагарэў на адкатах. Тым не менш ён, паводле версіі следства, лабіраваў інтарэсы замежнай кампаніі. Таксама праз нейкую двайную ўгоду “Барысаўдрэў” атрымаў страты ў 18 мільярдаў. Разабрацца ў нюансах крымінальнай справы няпроста. Нюансаў Следчы камітэт не раскрывае.

Але відавочна, што пасля раздачы ад Аляксандра Лукашэнкі найвышэйшыя чыны пільна сачылі за мадэрнізацыяй, а значыць, пра ўсе крокі добра ведалі. У тым ліку пра пагадненне. Але судзяць дробную сошку Мальцава, а не топ-чыноўнікаў з Савета міністраў і іншых ведамстваў.

Мантажом турэцкага абсталявання для новага цэху на “Барысаўдрэве” мусілі займацца дзяржаўныя прадпрыемствы “Энтраэнергамантаж” і “Трэст Белпрамналадка”. Можа быць, “цёмная схема” на “Барысаўдрэве” насцярожыла прадстаўнікоў гэтых прадпрыемстваў?

“На жаль, я не звязаны з тэхналагічным працэсам і з тым, як гэта адбывалася, таму на вашае пытанне не магу даць адказ”, —  адказвае Еўрарадыё Андрэй Бугроў, намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце.

Ніякай інфармацыі на гэты конт Еўрарадыё не атрымала і ў “Трэсце Белпрамналадка”.

Абагаўляць гендырэктара Барысаўдрэва не будзем. Раз-пораз з’яўлялася інфармацыя пра непрыстойнае стаўленне кіраўнікоў прадпрыемства да журналістаў. Нічога, відаць, не змянілася і сёння. На пытанне Еўрарадыё пра ўгоду з турэцкай фірмай намесніца дырэктара па ідэалагічнай рабоце “Барысаўдрэва” Наталля Злобіч адмовілася каментаваць і кінула слухаўку. Ды і пра канкрэтныя ўмовы пагаднення з туркамі журналістам нічога не вядома. Тым не менш Уладзіміра Мальцава нельга не пашкадаваць.

Нагадаем, што летась у лістападзе “Барысаўдрэў” наведаў Аляксандр Лукашэнка. Ён абурыўся ходам мадэрнізацыі на прадпрыемстве і адправіў у адстаўку старшыню Мінаблвыканкама Барыса Батуру, кіраўніка “Беллесбумпрама” Аляксандра Пераслаўцава і намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Тура. Загадаў Аляксандр Лукашэнка і распачаць крымінальную справу. Распачалі, а пад раздачу праз некалькі месяцаў пасля прэзідэнцкага візіту на “Барысаўдрэў” трапіў толькі Уладзімір Мальцаў.

Фота TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі