Clover Club і мастак Павел Альтхамер папоўнілі спіс удзельнікаў “Басовішча”
Дэбютанты прэміі Еўрарадыё сыграюць на сцэне славутага беларуска-польскага фэста.
Мінскі гурт Clover Club і беластоцкая каманда POKRAK папоўнілі спіс удзельнікаў сёлетняга фестывалю “Басовішча”. Таксама мастак-перформэр Павел Альтхамер правядзе для ўсіх прысутных Партызанскі кангрэс мастакоў: ён пакліча ўсіх да вялікафарматнага палатна, якое з’явіцца ў фестывальнай зоне. Алоўкам, вугалем, фарбай ці спрэем жадаючыя змогуць гаварыць, спрачацца і старацца зразумець адзін аднаго ў розных важных тэмах, абяцаюць арганізатары мерапрыемства.
Нагадаем, сёлета Clover Club быў прызнаны “Дэбютам года” на музычнай прэміі “Даём рады”, арганізаванай Еўрарадыё.
Акрамя Clover Club і POKRAK удзел у “Басовішчы-2013” возьмуць Pomidor/OFF, “Перкалаба”, Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego, Akute, Dzieciuki, The Toobes, Indios Bravos, Re1ikt, Masala, Vinsent, Zabelov & Kinior. На пачатку чэрвеня да гэтага спісу дададуцца яшчэ некалькі ўдзельнікаў.
А пройдзе фестываль 19-20 ліпеня ў мястэчку Гарадок недалёка ад беларуска-польскай мяжы.