ЦВК не падтрымала ідэю зрабіць унікальныя пячаткі для скрыняў для галасавання

ЦВК не падтрымала ідэю зрабіць унікальныя пячаткі для скрыняў для галасавання

Цэнтрвыбаркам не падтрымаў прапанову брэсцкага актывіста Дзяніса Турчаняка зрабіць унікальныя пячаткі для скрыняў для галасавання. Таксама ён прапанаваў прадставіць магчымасць кожнаму кандыдату ў прэзідэнты дадаткова апячатваць скрыні ўласнымі пломбамі. На думку актывіста, гэта б дапамагло пазбегнуць спробаў датэрміновага ўскрыцця скрыняў.

Дзяніс Турчаняк узгадвае інцыдэнт, які адбыўся на адным з выбарчых участкаў Брэста падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. 18 сакавіка 2014-га года скрыня была апячатаная ў прысутнасці двух назіральнікаў, якія сфатаграфавалі пячатку. Раніцай наступнага дня Турчаняк заўважыў, што малюнак адбітка адрозніваецца ад першапачатковага. Далейшае абследаванне скрыні выявіла таксама, што шнур, які выкарыстоўваўся для апячатвання, быў прасунуты толькі праз адно “вуха” скрыні. Такім чынам, скрыню можна было адкрываць колькі заўгодна без пашкоджання пячаткі.

Старшыня камісіі хапалася за валідол і казала, што гэта не яна ажыццявіла паўторае апячатванне. Хоць пячатка стаяла такая ж самая, як і ў яе. Яна не ведала, што такіх пячатак 6 тысяч, яна проста думала, што ў яе адной такая пячатка. На самой справе, любы чалавек мог гэта зрабіць. Менавіта таму, каб такое не дапусціць, я лічу, што пячаткі трэба зрабіць унікальнымі”, ― распавядае Дзяніс Турчаняк.

9 верасня брастаўчанін атрымаў адказ з ЦВК на свой ліст. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла яму, што “парадак апячатвання скрыняў для галасавання ўстаноўлены Выбарчым кодэксам і Цэнтральная камісія не мае права змяняць яго нормы”. Акрамя таго, Лідзія Ярмошына выказала сумнеў, што 30 давераных асобаў кандыдата змогуць фізічна апламбаваць скрыні на 6 тысячах участках для галасавання па ўсёй краіне.

Калі праводзілася праверка, напрыклад, подпісаў (за вылучэнне кандыдатаў, ― Еўрарадыё), то яны таксама не ўсе дасканала правяраюцца. Правяраецца пэўны працэнт і робяцца высновы: подпісы сапраўдныя ці сфальсіфікаваныя. Таксама 30 давераных асобаў кандыдата могуць цягам першага дня датэрміновага галасавання апламбаваць досыць вялікую колькасць скрыняў і праверыць пасля, будуць яны адрознівацца ці не. Праблемы ў гэтым я не бачу”, ― каментуе заўвагу старшыні ЦВК Дзяніс.

Турчаняк з пазіцыяй Лідзіі Ярмошынай не згодны. 29 верасня ён звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна Мінска, ад якога патрабуе вынесці рашэнне аб прызнанні яго скаргі і абавязаць ЦВК прыняць меры, якія ён агучыў у сваёй заяве.


Пры цяперашняй сістэме, калі ўсё апламбавана аднолькавымі пячаткамі, сказаць, чыя пячатка знаходзіцца на скрыні датэрміновага галасавання, немагчыма. То бок сёння старшыня выбарчага ўчастка яе апламбавала, скрыня ноч прастаяла, а на раніцу цяжка сказаць, гэта тая ж самая пячатка ці не”, ― рэзюмуе Дзяніс Турчаняк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі