Да Зяленскага звярнуліся з просьбай надаць званне Героя Украіны двум беларусам

Эдуард Лобаў / @belwarriors

Эдуард Лобаў / @belwarriors

На сайце ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з'явіліся дзве петыцыі з просьбай прысвоіць званне Героя Украіны беларускім добраахвотнікам Эдуарду Лобаву і Змітру Рубашэўскаму.

Лобаў як добраахвотнік удзельнічаў у абароне Украіны ад расійскай агрэсіі з лета 2015 года. У 16-м годзе ўдзельнічаў у абароне пасёлка Пяскі Данецкай вобласці і пасёлка Крымскае Луганскай вобласці. У 2017 годзе, калі ва ўкраінскае войска дазволілі набіраць замежнікаў, падпісаў кантракт. На вайне, якую Расія развязала ў 2022 годзе, Лобаў быў стралком з гранатамёта і стралком пераноснага супрацьтанкавага комплексу Javelin. Удзельнічаў у абароне Кіева, Чарнігава, Бахмута, Вуглядара. У сваім апошнім баі ён, па сутнасці, выратаваў жыццё свайго камандзіра Івана Завяршынскага. Раней Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў Эдуарда Лобава ордэнам "За мужнасць" III ступені.

Зміцер Рубашэўскі "Ганс" таксама ваяваў на Данбасе з 2016-га года. Ён загінуў 12 красавіка 2022 года падчас выканання баявога задання на Харкаўшчыне, каля сяла Ізюмскае. "Дзмітрый быў беларусам, які годна і аддана выконваў пастаўленыя задачы для абароны Украіны, з гонарам выконваў абавязак і да апошняга ўздыху застаўся верным прысязе", — гаворыцца ў петыцыі на імя Зяленскага. Рубашэўскі таксама пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам "За мужнасць" III ступені. Акрамя таго, у верасні 2023 года галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны пасмяротна ўзнагародзіў Змітра "Крыжам адважных".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі