Даклад камісіі WADA: У мачы расійскіх атлетаў мачы не знойдзена

Даклад камісіі WADA: У мачы расійскіх атлетаў мачы не знойдзена

Расследаванне незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пацвердзіла, што падчас зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы ў Расіі дзейнічала дзяржаўная допінгавая праграма. Пра гэта на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Таронта 18 ліпеня, заявіў кіраўнік камісіі, канадскі спецыяліст Рычард Макларэн. Такія вынікі могуць стаць прычынай для адхілення ўсёй расійскай зборнай ад удзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыо-дэ-Жанейра. Пра галоўныя вынікі дакладу піша Deutsche Welle.

WADA пачало сваё расследаванне пасля публікацыі прызнанняў экс-кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава ў The New York Times ў траўні. Родчанкаў сцвярджаў, што дзеля перамогі ў агульным медальным заліку ў Расіі была распрацаваная "допінгавая праграма". У яе межах дзясяткі расійскіх спартсменаў ўжывалі адмыслова распрацаваныя "кактэйлі" з забароненых прэпаратаў, а "брудныя" допінг-пробы падмяняліся ўначы пры ўдзеле супрацоўнікаў спецслужбаў РФ. Роля Родчанкава заключалася ў тым, каб дамагчыся адпаведнасці шчыльнасці мачы ў пробе той, якая была прадугледжаная формай допінг-кантролю. Для гэтага ён дадаваў у падмененыя чыстыя пробы сталовую соль або ваду. Версію Родчанкава пацвердзіла і расследаванне незалежнай камісіі WADA.

Даклад камісіі WADA: У мачы расійскіх атлетаў мачы не знойдзена
Юрый Нагорных Фота: РІА "Навіны"

Частка допінг-пробаў расійскіх спартоўцаў, здадзеных імі падчас Гульняў-2014 у Сочы, былі прааналізаваныя ў лабараторыі ў Лондане, акрэдытаванай WADA. Экспертны аналіз паказаў, што ў шасці пробах ўтрыманне солі аказалася вышэйшым, чым павінна быць у мачы здаровага чалавека. Акрамя таго, на прабірках з допінг-пробамі з дапамогай мікраскопа былі выяўленыя меткі і драпіны, што, на думку камісіі, сведчыць аб іх адкрыванні. У выпадку з яшчэ трыма допінг-пробамі аналіз паказаў неадпаведнасць ДНК мачы ДНК спартсменаў, якім нібыта належалі гэтыя пробы.

Аўтары дакладу ўпэўненыя, што ў планаванні і рэалізацыі методыкі падмены пробаў ў Сочы ўдзельнічалі расейскі ўрад і ФСБ.

Камісія Макларэна перакананая, што допінг у расійскім спорце ўжываўся сістэматычна не толькі падчас Алімпіяды ў Сочы. У астатні час (як мінімум, у 2011—2015 гадах) дзейнічала "методыка знікаючага пазітыўнага" (DPM), як яе назвалі аўтары дакладу.

"Усе пазітыўныя вынікі першаснага сканавання допінг-проб у Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі паведамляліся намесніку міністра спорту Юрыю Нагорных разам з імёнамі спартсменаў, што цалкам супярэчыць стандартам WADA", — гаворыцца ў дакладзе. Пасля гэтага Юрый Нагорных даваў указанне "выратаваць" ці "паставіць пад назіранне". У першым выпадку лабараторыя падрабляла вынікі сканавання і перадавала ў WADA негатыўны вынік тэста.

Аўтары расследавання лічаць, што акрамя Нагорных ў гэтай схеме замяшаныя дарадца міністра спорту па антыдопінгавым забеспячэнні Наталля Жаланава (як мінімум, два выпадкі) і сам кіраўнік Мінспорту Віталь Мутко (як мінімум, адзін выпадак з замежным футбалістам, які гуляе у Расіі).

Новы даклад Сусветнага антыдопінгавага агенцтва расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін назваў “небяспечным рэцыдывам ўмяшання палітыкі ў спорт”. Тым не менш, ў расійскім урадзе заявілі, што чыноўнікі, якіх у дакладзе называюць прамымі выканаўцамі, будуць адхіленыя ад пасадаў да заканчэння расследавання. Так, ужо адхілены намеснік міністра спорту Юрый Нагорных, паведамляе Euronews.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі