Дарт Вэйдэр: Лукашэнка падтрымлівае маю кандыдатуру
Ва Украіне ўжо зарэгістравалі сем кандыдатаў у прэзідэнты. Еўрарадыё паразмаўляла з самым усемагутным з іх.
— Добры дзень, гэта Міністэрства юстыцыі Украіны?
- — Так.
- — Ці не маглі б вы даць мне нумар тэлефона Дарта Вэйдэра?
— Запісвайце.
Гэткім чынам я спрабую узяць інтэрв’ю ў кандыдата ў прэзідэнты ад Інтэрнэт-партыі Украіны. Гэтага чалавека насамрэч завуць Дарт Вэйдэр. Пераадольваючы страх перад міжгалактычным злодзеям, набіраю нумар і чую са слухаўкі голас сакратара уладара цемры. “Хвілінку”, — гаворыць ён мне і гукае ў далячынь: “Дарт Аляксеевіч, з вамі жадае пагаварыць Еўрарадыё з Мінска”. Праз імгненне чую сухі металічны голас.
Еўрарадыё: З Мінска Еўрарадыё турбуе вас.
Дарт Вэйдэр: Вельмі прыемна. Я сам з Беларусі, беларускія карані. Нарадзіўся ў Гомельскай вобласці ў свой час.
Еўрарадыё: Якія прычыны балатавання вашага?
Дарт Вэйдэр: Прычыны балатавання простыя. Я хачу ўвесці сваю праграму “Зорны бюджэт”. Ён дапаможа падняць заробкі да касмічнага ўзроўню, а пенсіі і стыпендыі — да завоблачнага. Таксама я хачу нарэшце пабудаваць баявую касмічную станцыю, якая дапаможа абараніць Украіну ад тэрытарыяльных прэтэнзій бліжэйшых родзічаў. Пакуль гэта немагчыма праз тое, што ўкраінскія банкі даюць крэдыт толькі ў грыўнях і толькі пад 25%. Акрамя гэтага, я хачу абараніць правы сітхаў ва Украіне і зрабіць мову сітхаў другой дзяржаўнай. І яшчэ я маю праграму “Дартава 1000”. Яна прыемна здзівіць укладчыкаў СССР, якія змогуць атрымаць па тысячы грывен са сваіх укладаў.
Еўрарадыё: Штосьці яшчэ, магчыма, зробіце вы?
Дарт Вэйдэр: Як сябра Інтэрнэт-партыі Украіны я ўвяду электронны урад, у 10 гадоў буду выдаваць кожнаму дзіцяці камп’ютар і забяспечу ў Канстытуцыі права кожнага грамадзяніна на доступ у інтэрнэт на хуткасці 100 мегабіт у секунду.
Прыклад міжгалактычнай агітацыі.
Еўрарадыё: Як неабходныя для ўдзелу ў выбарах 2,5 мільёна грывен сабраць вы змаглі? Сума немаленькая.
Дарт Вэйдэр: Мае штурмавікі за паўгода да выбараў хадзілі па ўсіх гарадах Украіны і з празрыстымі скарбонкамі збіралі грошы. Сабралі мы нашмат больш, таму застанецца і на бігборды.
Еўрарадыё: Што палітыку знешнюю будзе вызначаць вашу? Еўраінтэграцыя альбо, наадварот, магчыма?
Дарт Вэйдэр: Украіна будзе рэарганізаваная ў Першую галактычную імперыю. І дзеля захавання бяспекі ды ўзмацнення стабільнасці мы далучым да яе яшчэ некалькі іншых планет. Гэта і Вамфім, і Зэт 9. І шмат яшчэ іншых. Зараз вядуцца перамовы праз пасярэднікаў. І ўжо ёсць першыя папярэднія дамоўленасці аб намерах.
Еўрарадыё: Дарт Аляксеевіч, каго з кандыдатаў моцным самым супернікам лічыце вы?
Дарт Вэйдэр: У мяне няма моцных сапернікаў. Віталь Клічко гэта зразумеў і калі даведаўся, што я буду балатавацца, то ў гэты ж дзень зняў сваю кандыдатуру. Я заклікаю зрабіць тое самае так званых лідараў рэйтынга — Парашэнку, Цімашэнку, Алега Ляшко. Здыміце свае кандыдатуры, не ладзьце тут, ва Украіне, гэты цырк, клаўнаду. Я тады змагу вам вярнуць залогавыя грошы. Каб гэта не адбілася моцна на іх кішэні.
Еўрарадыё: Пытання пра Беларусь не можам вам не задаць. З ёй пасля перамогі вашай, што будзе?
Дарт Вэйдэр: З Беларуссю будзе ўсё добра. У нас з Аляксандрам Рыгоравічам цёплыя і сяброўскія адносіны. Вельмі канструктыўныя і яны развіваюцца. І наогул Лукашэнка падтрымлівае маю кандыдатуру. Я думаю, што праблем не будзе ў нас. І таваразварот мы павялічым да дзевяці мільярдаў ужо ў першым квартале (цяпер таваразварот складае 6,2 мільярды ў год - Еўрарадыё).
Еўрарадыё: Дзякуй вялікі вам. Няхай жа будзе з вамі сіла!
Дарт Вэйдэр: І вам усяго добрага.
Тым часам украінскія сацыёлагі пакуль не вераць у перамогу Дарта Вэйдэра. Згодна з вынікамі апошніх апытанняў, найбольшыя шансы на перамогу мае мільярдэр Пётр Парашэнка — яго рэйтынг на 20 сакавіка складае амаль 25%. Другое месца ў апытаннях за лідарам Партыі “Удар” Віталём Клічко (9%), але прычыну яго сыходу з гонкі мы ўжо ведаем. Былая зняволеная і лідар “Бацькаўшчыны” Юлія Цімашэнка мае крыху большы за 8% рэйтынг, адразу за ёй з 7% — прадстаўнік пакуль яшчэ жывой “Партыі рэгіёнаў” Сяргей Цігіпка. Рэйтынгі іншых кандыдатаў малазаўважныя. Радыкал Дзмітрый Яраш, які ідзе ад “Правага сектара”, у канцы сакавіка меў менш за 1% прыхільнікаў, Алег Цягнібок з нацыяналістычнай “Свабоды” — 1,5%. Пры гэтым супраць усіх 25 траўня гатовыя галасаваць 10% украінцаў, на выбары не пойдзе каля 6%, а пакуль не вызначыліся са сваёй пазіцыяй 14,1%.
Дарт Вэйдар нясе дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК. Фота fakty.ua
І размаўляе з міліцыянтамі. Фота fakty.ua