"Дата генератар": 23 лютага — Дзень абаронцаў Айчыны
Па адной версіі, 23 лютага — дзень стварэння Чырвонай Арміі. Гэта хлусня, таму што дэкрэт пра стварэнне добраахвотніцкай Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі старшыня Савета Народных Камісараў Расіі Ульянаў-Ленін падпісаў амаль на месяц раней — 28 студзеня 1918 г., а не 23 лютага.
Па другой версіі, у гэты дзень пад Псковам былі спынены і разбіты германскія войскі, якія ішлі на Петраград — сталіцу Расіі і “калыску рэвалюцыі”. Аднак на самай справе 23 лютага пад Псковам не было ні баёў, ні перамогі.
Трэцяя версія: бальшавікі прыдумалі свята 23 лютага для таго, каб людзі забыліся пра буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая скінула цара. Яна пачалася ў 1917 г. менавіта 23 лютага. Трэба было чымсьці “закрыць” гэту дату. Трэцяя версія мне здаецца найболей пераканаўчай.
І што важна: ніводная з гэтых версій не мае дачынення да Беларусі!
Што ж адбывалася ў лютым 1918 года?
15 снежня 1917 г. (2 снежня па старым стылі) бальшавікі падпісалі перамір’е з немцамі і аўстрыйцамі тэрмінам на 28 дзён. За гэты час трэба было скласці мірную дамову. Перамовы неўзабаве пачаліся, таму перамір'е падоўжылі яшчэ на месяц. Аднак дамову ў вызначаны тэрмін не падпісалі.
Умовы Нямеччыны азначалі фактычную капітуляцыю Расіі, нягледзячы на тое, што яна вайну не прайграла. Немцы, на грошы якіх бальшавікі вялі падрыўную работу супраць царскага, а затым часовага ўрада, не збіраліся цырымоніцца з гэтымі здраднікамі сваёй Айчыны. Але бальшавікі хавалі ад расейцаў гэту сваю ролю, таму зацягвалі перамовы і прыкідваліся, быццам яны вядуць “зацятую дыпламатычную барацьбу з германскімі імперыялістамі”.
Калі немцам і аўстрыйцам надакучыла камедыя, яны 18 лютага абвясцілі пра спыненне перамір'я і пачалі наступ па ўсім Усходнім фронце. На паўночна-ўсходнім кірунку ішлі часці 8-й германскай арміі. Яны паціху прасоўваліся на цягніках, аўтамабілях і санях. Пачаўшы наступ ад лініі Пінск — Баранавічы — Смаргонь — Дзвінск (Даўгаўпілс) — Рыга, немцы без бою за адзін тыдзень (з 19 да 25 лютага) занялі Слуцак, Менск, Полацк, Апочку, Пскоў і шэраг іншых гарадоў.
Для захопу Пскова германскае камандаванне вылучыла 5 палкоў з артылерыяй. Гэтыя войскі павольна рухаліся на Пскоў па чыгунках і шашэйных дарогах з поўдня і з паўднёвага захаду.
Салдаты збеглай ад Дзвінска і Рыгі расійскай 12-й арміі натоўпамі адыходзілі з Пскова па шашы на Лугу і Старую Русу. А на подступах да горада і ў ім самім знаходзіліся некалькі атрадаў “чырвоных”, усяго каля адной тысячы чалавек. Ніякіх баёў 23 лютага не было. Як высветлілі гісторыкі, толькі ўдзень 24 лютага на рацэ Чароха адбылася невялікая перастрэлка паміж патрулямі. Вось і ўсё.
Немцы абышлі Пскоў і да 18 гадзін 24 лютага занялі станцыю Пскоў-1 (на поўнач ад горада). Пасля гэтага амаль усе "чырвоныя" таксама адышлі з горада. У Пскове засталіся некалькі груп чырвонагвардзейцаў у розных кварталах, якія некаторы час стралялі па немцах з вінтовак.
Каля 10 гадзін вечара 24 лютага чырвонагвардзейцы падарвалі каля пскоўскага вакзала склад піраксіліну ў той момант, калі туды ўвайшоў нямецкі батальён. Пры гэтым загінулі 270 германскіх вайскоўцаў. Гэта былі адзіныя страты немцаў на працягу ўсіх 250 кіламетраў наступу на Пскоў. У адплату немцы расстралялі ў Пскове 140 палонных чырвонагвардзейцаў і бальшавікоў.
Паглядзім зараз, што адбывалася з іншага боку фронту. Раніцай 23 лютага Саўнаркам атрымаў германскі ўльтыматум. На яго разгляд немцы далі 48 гадзін. На вячэрнім пасяджэнні ЦК партыі бальшавікоў Ленін угаварыў сяброў ЦК прыняць ультыматум. Ён казаў ім, што галоўнае — захаваць у Расіі ўладу сваёй партыі. Раніцай 24 лютага Ленін паслаў тэлеграму ў Берлін:
"Савет Народных Камісараў пастанавіў прыняць умовы міру, прапанаваныя германскім урадам, і выслаць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск".
26 лютага, асцерагаючыся захопу немцамі Петраграда, Саўнаркам вырашыў перавесці ўсе органы ўлады ў Маскву.
Што да Нарваўскага кірунку, то тут немцы пачалі наступ з Рэвеля (сучаснага Таліна) 25 лютага. Праз тыдзень, днём 3 сакавіка, яны падышлі да Нарвы, дзе знаходзіліся тры атрады чырвонагвардзейцаў і атрад маракоў, усяго больш за тысячу чалавек. Імі камандаваў Павел Дыбенка, камендант Нарвы.
Каля 15 гадзін днём 25 лютага чырвонагвардзейцы сустрэлі немцаў за 5 кіламетраў ад горада, але пад вечар “без нападу з боку немцаў” яны збеглі з Нарвы. Немцы, не ведаючы пра гэта, увайшлі ў горад толькі наступнай раніцай.
“Чырвоныя”, якія ўцяклі з Нарвы, сабраліся ў Ямбургу. Немцы на Ямбург не пайшлі, яны засталіся ў Нарве. Тым часам ужо ўступіла ў дзеянне Брэсцкая дамова, менавіта таму немцы і спыніліся на лініі Пскоў — Нарва.
Як дзень 23 лютага стаў святочным
Яшчэ 25 студзеня 1918 г. Саўнаркам Расіі вырашыў перайсці на каляндар новага стылю. Першым днём пасля 31 студзеня абвясцілі не 1 лютага, а 14-га.
Але што было рабіць з Днём жанчыны-рэвалюцыянеркі, які ў Еўропе адзначалі 8 сакавіка, а ў Расіі — па старым стылі — 23 лютага? Цяпер і ў Расіі яго пачалі святкаваць 8 сакавіка. Аднак і на 23 лютага прыпадала вельмі сур'ёзная падзея: пачатак Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.
Памяць пра яе трэба было вытруціць са свядомасці грамадзян. А то яны маглі задумацца пра лёс Расійскай Дэмакратычнай Рэспублікі, абвешчанай 3 верасня 1917 г., і яшчэ пра ўвядзенне бальшавікамі смяротнага пакарання дэкрэтам ад 23 лютага 1918 г.
Нарэшце 27 студзеня 1922 г. Прэзідыум УЦВК прыняў пастанову пра 4-ю гадавіну Чырвонай Арміі, у якой гаварылася: “Прэзідыум УЦВК звяртае ўвагу выканкамаў [саветаў] на надыходзячую гадавіну стварэння Чырвонай Арміі".
А яна ж павінна была быць ужо заўтра, 28 студзеня. Тады сталі думаць: якую падзею “падагнаць” пад дзень 23 лютага. Абралі дэкрэт пра стварэнне Чырвонай Арміі. Так вырашыў Прэзідыум УЦВК 18 студзеня 1923 г. Праз тры тыдні, 5 лютага, старшыня Рэўваенсавета рэспублікі Троцкі выдаў загад, дзе было сказана: “23 лютага 1918 г. пад напорам ворагаў працоўны і сялянскі ўрад абвясціў неабходнасць стварэння ўзброенай сілы”.
Вось так атрымалася “закрыць” нязручны для новай улады дзень 23 лютага.
Гэта яшчэ не ўсё. У 1924 г. часопіс “Военный вестник” надрукаваў фатаграфію дэкрэта Леніна пра стварэнне Чырвонай Арміі ад 28 студзеня 1918 г., але з ілжывай датай 23 лютага. Як бачым, падробкай дакументаў бальшавікі заняліся вельмі даўно.
З'яўленне міфа пра “перамогу пад Псковам і Нарвай”
Наступным этапам стала стварэнне міфа пра “перамогу пад Псковам і Нарвай у лютым 1918 г.”. Яго прыдумаў Сталін і апублікаваў у газеце “Известия” 16 лютага 1938 г. пад назвай “Да 20-годдзя РСЧА і ВМФ. Тэзы для прапагандыстаў”. Тэза гучала наступным чынам:
“Пад Нарвай і Псковам нямецкім акупантам быў дадзены рашучы адпор. Іх прасоўванне на рэвалюцыйны Петраград было прыпынена. Дзень адпору войскам германскага імперыялізму стаў днём юбілею маладой Чырвонай Арміі".
У верасні таго ж года гэту выдумку замацавала апублікаваная ў газеце “Правда” частка са сталінскага “Кароткага курса гісторыі УКП(б)”.
Менавіта гэту фальшыўку больш за 50 гадоў падтрымлівала дзяржаўная прапаганда ў СССР. І нават цяпер яе адстойваюць некаторыя публіцысты і ідэолагі ў Расіі і ў Беларусі.
З 1946 г. у СССР штогод 23 лютага святкавалі “Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту ў адзначэнне ўсеагульнай мабілізацыі рэвалюцыйных сіл на абарону сацыялістычнай Айчыны, а таксама мужнага супраціву атрадаў Чырвонай Арміі захопнікам”.
Акрамя таго, 23 лютага людзі пачалі ўспрымаць як неафіцыйны дзень мужчын: жанчыны віншавалі таварышаў па працы, сваіх родных і блізкіх.
Што адбывалася тады на Беларусі
З восені 1915 г. уся заходняя палова Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У Менск нямецкія войскі ўвайшлі ўночы з 20 на 21 лютага 1918 г., не сустрэўшы тут ніякага супраціву. Газеты ў тыя дні паведамлялі: "Савет народных камісараў Заходняй вобласці пачаў арганізоўваць атрады для абароны Менска. Аднак, даведаўшыся пра набліжэнне ворага, гэта ахова тут жа кінулася да вакзалаў, займаючы цягнікі прыступам".
У сакавіку 1918 г. у Брэсце была падпісана мірная дамова Расіі з Нямеччынай, Аўстра-Вугоршчынай, Турцыяй і Балгарыяй. Па яе ўмовах Саўнаркам РСФСР аддаў немцам усю Беларусь. Немцы сышлі з Менска толькі ў снежні 1918-га, праз месяц з лішнім пасля капітуляцыі Нямеччыны перад заходнімі саюзнікамі.
Дык чаму беларусы павінны святкаваць дзень 23 лютага! Няўжо гэта наша свята?
Менскі журналіст Уладзімір Багданаў слушна заявіў: "Я лічу, што 23 лютага — адно з самых недарэчных і, нават сказаў бы, сорамных свят для Беларусі. Безумоўна, павінен быць Дзень абаронцаў Айчыны. Але толькі не 23 лютага!"
Аднак “начальства” думае інакш. Напрыклад, начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў заявіў некалькі гадоў таму:
"Таму што 23 лютага асацыюецца са стварэннем і дзеяннем Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, якая выратавала чалавецтва ад фашызму. З Чырвонай Арміяй асацыюецца гэты найвялікшы подзвіг, а таксама вызваленне Менска 11 ліпеня 1920 года і вызваленне Менска 3 ліпеня 1944 года. Дэкрэт пра стварэнне Рабоча-сялянскай Чырвонай Армі быў падпісаны 15 студзеня 1918 года. Але дата 23 лютага — гэта сакральная дата, сакральны знак. Таму мы бяром яе за адлік”.
Як бачым, галоўнае вайсковае свята сучаснай Беларусі прызначана на 23 лютага згодна з той жа логікай, якая заахвоціла кіраўніцтва краіны вярнуцца да мелодыі і слоў гімна БССР (“Мы, беларусы, з братняю Руссю…”).
Гэта жаданне быць спадчыннікамі СССР, дзяржавы, якая развалілася на 15 частак пасля 70 гадоў "паспяховага будаўніцтва сацыялізму”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.