"Дата генератар": бітва на Нямізе
Чаму пачалася вайна?
У 1054 г. памёр вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч. Па тэстаменце яго сын Ізяслаў атрымаў Кіеў, Святаслаў — Чарнігаў, Усевалад — Пераяслаў. Малодшыя сыны атрымалі ў валоданне Уладзімір-Валынскі (Ігар) і Смаленск (Вячаслаў). Пра Полацак Яраслаў не згадваў, бо Полацкае княства было незалежнае ад Кіева.
Існаванне незалежнага і багатага Полацка з’яўлялася выклікам для Яраславічаў. Вось галоўны чыннік канфлікту паміж Полацкам і Кіевам. Але трэба прызнаць, што першым пачаў вайну Усяслаў. У студзені 1065 г. ён аблажыў Пскоў. Абстрэльваў яго з каменямётаў, спрабаваў узяць штурмам, але беспаспяхова. Праз месяц зняў аблогу і адышоў.
У студзені (ці лютым) наступнага 1066 года Усяслаў ізноў выступіў у паход. У Пскове чакалі нападу і рыхтаваліся. А ў Ноўгарадзе не чакалі. Гэтым і скарыстаўся Усяслаў, які любіў дзейнічаць хітрасцю. Ён спачатку рушыў з войскам па рацэ Вялікай у бок Пскова. Вось наўгародцы на чале з князям Мсціславам і вырашылі, што Усяслаў ізноў ідзе на Пскоў. Мсціслаў выступіў з Ноўгарада з дружынай на дапамогу Пскову.
Аднак Усяслаў раптам звярнуў з Вялікай і па рацэ Чаросе пайшоў насустрач Мсціславу. Наўгародскі князь трапіў у засаду. Палачане разбілі яго дружыну, потым без штурму занялі Ноўгарад, абрабавалі горад і наўгародскі храм Святой Сафіі: знялі з яго званы, забралі царкоўны скарб і адвезлі ў Полацак. Мсціслаў уцёк у Кіеў да свайго бацькі Ізяслава.
У студзені 1067 г. Усяслаў пайшоў на Наўгародак (цяперашні Наваградак) і неўзабаве заняў яго. Гэты горад, як і Пскоў з Ноўгарадам, у той час належаў Кіеву. Тады трое братоў Яраславічаў — Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад — надумалі спыніць заваёвы Усяслава. Пад канец лютага войска Яраславічаў падышло да Менска (Менск тады знаходзіўся на рацэ Менка, за 16 кіламетраў на захад ад сучаснага Менска). Браты ўзялі Менск штурмам, забілі амаль усіх мужчын, а жанчын і дзяцей адправілі ў Кіеў.
Бітва
Ад Менска браты Яраславічы хацелі ісці на Полацак. Аднак Усяслаў сустрэў іх на беразе замерзлай ракі Нямігі. Ён спяшаўся на выручку Менску, але спазніўся з прычыны вялікіх снягоў ды маразоў. Гісторыкі мяркуюць, што Усяслаў меў каля трох тысяч ваяроў, Яраславічы — крыху больш. Першым атакаваў Усяслаў. У “Аповесці мінулых гадоў” Нестара пра бітву сказана скупа:
“И совокупишася обои на Немизе, месяца марта въ 3 день; и бяше снегъ великъ, и поидоша противу собе. И бысть сеча зля, и мнози падоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ, Всеславъ же бежа”.
Усё астатняе — пазнейшыя прыдумкі розных аўтараў. Напрыклад, бітва, апісаная ў “Слове пра паход Ігаравы”. Вось словы адтуль:
“На Немизе снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоце животъ кладутъ, веютъ душу отъ тѣла. Немизе кровави брезе не бологомъ бяхуть посеяни, посеяни костьми рускихъ сыновъ”.
Але, па-першае, “Слова” — гэта мастацкі твор, у якім вельмі шмат паэтычных перабольшанняў і фактычных супярэчнасцяў. А па-другое (што галоўнае), “Слова” не гістарычны дакумент, а фальсіфікат, няхай сабе прыгожы. Яго стварыў невядомы аўтар у XVIII стагоддзі, праз 700 гадоў пасля бітвы на Нямізе.
Васіль Тацішчаў пісаў, быццам два войскі 7 дзён стаялі адно супраць другога. Аднак як можна стаяць 7 дзён і начэй у глыбокім снезе і ў моцны мароз? Патрэбна ўвесь час паліць вялізарныя вогнішчы, зрабіць нейкія сховішчы для людзей і коней, гатаваць гарачую ежу для ваяроў, цёплую ваду і сена для коней. А для ўсяго гэтага патрэбны вялікі абоз. Адным словам — няпраўда!
Пасля бітвы
Калі Усяслаў пацярпеў паразу, чаму ж Яраславічы не пайшлі браць Полацак, які ўжо не было каму абараняць? Ды таму, што ўсё было інакш: або Усяслаў перамог, або бітва завяршылася ўнічыю. І магчыма, абодва бакі панеслі цяжкія страты.
Паводле ж Тацішчава, Яраславічы хоць і не пераследавалі Усяслава, аднак занялі паўднёвую частку Полацкай зямлі і тым прымусілі полацкага князя прасіць міру. Аднак, паводле Нестара, Усяслаў міру не прасіў, а вось Яраславічы праз 4 месяцы (у чэрвені таго ж года) ізноў пайшлі на Усяслава, быццам цалкам разбітага.
Па беразе Дняпра іх войска дайшло да Оршы, дзе на другім беразе ўжо чакаў Усяслаў са сваім войскам. І гэты факт выкрывае выдумку Нестара пра паразу Усяслава на Нямізе. Калі ён быў пераможаны, адкуль узяў новае войска і навошта весці з ім перамовы?
Яраславічы пабаяліся перапраўляцца. Яны запрасілі Усяслава да сябе, а ў доказ, што яму нішто не пагражае, “цалавалі крыж” (пакляліся імем Бога) перад усім войскам.
Невядома, чаму Усяслаў пагадзіўся пераправіцца да Яраславічаў. Там яго адразу схапілі разам з двума сынамі і адвезлі ў Кіеў, дзе пасадзілі ў поруб, у якім яны знаходзіліся больш за год, да 15 верасня 1068 года, калі іх вызвалілі кіяўляне, якія паўсталі супраць Ізяслава.
Войска Яраславічаў таксама пайшло назад, новай бітвы не было.
Як бачыце, ёсць шмат пытанняў пра тое, як жа ўсё было на самай справе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.