"Дата генератар": Францішак Аляхновіч

"Дата генератар": Францішак Аляхновіч

Францішак Аляхновіч (1883—1944) — беларускі тэатральны дзеяч, драматург, публіцыст і празаік. “Бацька навейшай беларускай драматургii".

 

Мой любімы аўтар. Увесну 2012 года я пераклаў на расейскую мову і выдаў ягоную кніжку “У капцюрох ГПУ”. Дарэчы, туды ўвайшлі і ягоныя пазнейшыя ўспаміны пра зняволенне на Салаўках, а таксама пра той год, калі ён хаваўся ад агентаў НКУС у Вільні, акупаванай “саветамі”. А ў 2015 годзе я напісаў і выдаў на беларускай мове сваю кніжку пра яго жыццё і творчасць. 

Чым жа ён знакаміты на Беларусі?

Па-першае, сваёй тэатральнай дзейнасцю.

Па-другое, сваімі п’есамі. 

Па-трэцяе, сваёй кнігай “У капцюрох ГПУ”.

Тэатр: Вільня — Менск — Вільня — Менск — Вільня (1916–1924)

У канцы студзеня 1910 года Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысаваў пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую п’есы М. Крапіўніцкага “Па рэвізіі” і адначасова выконваў адну з роляў як актор. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех.

На пачатку 1916 года Аляхновіч стварыў у Вільні тэатральны гурток пад назвай “Беларуская драматычная дружына”. Гурток у кастрычніку 1916 года паставіў на беларускай мове спектакль “Хам” паводле Элізы Ажэшкі, а ў снежні — п’есу Аляхновіча “На Антокалі”. З таго часу спектаклі гуртка адбываліся рэгулярна.

У чэрвені 1918 года Аляхновіч накіраваўся ў Менск, дзе тады ўжо працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра, створаная з Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. 

Аляхновіч не меў нямецкага пропуска і грошай. Таму ён апрануўся фурманам і разам з нейкімі жанчынамі каля Маладзечна перабраўся праз былую лінію фронту. Потым іх абрабавалі. Праз 8 дзён ён, босы і абарваны, прыйшоў у Менск. Тут яго добра сустрэлі, і ён пачаў працу ў тэатры.

Для першай пастаноўкі Аляхновіч абраў гістарычную драму “Бутрым Няміра”, якая ўжо ішла ў Вільні. Ролю Няміры выканаў ён сам. Поспех быў вялізарны.

Аднак Аляхновіч не паладзіў з вельмі амбіцыйным Фларыянам Ждановічам і таму стварыў уласную трупу. З ёй паставіў свае новыя п’есы: камедыю “Чорт і баба” і драму “Страхі жыцця”.

У студзені 1919-га, калі немцы сышлі і ўлада на Беларусі перайшла да саветаў, у Менску быў арганізаваны Беларускі пралетарскі тэатр (Аляхновіч — дырэктар, Ждановіч — рэжысёр), якому потым далі назву Беларускі савецкі тэатр.    

Увесну 1919 года Аляхновіч ад’ехаў у Вільню, быццам для таго, каб прывезці новых актораў. На самай справе ён збег ад шалёнага тэрору ЧК. У Вільні, хоць і “чырвонай” (там існавала ЛітССР), аднак роднай, ён адчуваў сябе значна лепш. Пачаў ставіць спектаклі, хацеў арганізаваць дзяржаўны тэатр, але ў сакавіку пачалася польска-савецкая вайна. У красавіку 1919 года палякі захапілі горад.

Пад канец лістапада 1919 года Аляхновіч з некаторымі артыстамі пераехаў з Вільні ў акупаваны палякамі Менск. Ужо ў канцы таго ж месяца арганізаваўся Менскі гарадскі тэатр пад кіраўніцтвам Аляхновіча. Рэжысёрам зноў выбралі Ждановіча. Гэты тэатр існаваў 8 месяцаў, да ліпеня 1920 года. 

У ліпені 1920-га разам з польскім войскам, якое адступала, Аляхновіч вярнуўся ў Вільню. Там ізноў стварыў трупу. Для свайго першага спектакля выбраў “Птушку шчасця”. Потым паставіў “Паўлінку” Купалы, якая ішла з трэцім актам, напісаным Аляхновічам (“Заручыны Паўлінкі”).  

У 1921–1924 гг. тэатр Аляхновіча, з дазволу польскіх улад, выступаў, акрамя Вільні, яшчэ і ў правінцыі (у Лідзе, Ашмянах, Радашковічах, Вілейцы ды іншых мястэчках). Аляхновіч ставіў чужыя ды свае п’есы.

П’есы

З 1915 да 1924 гг. Ф. Аляхновіч напісаў 19 п’ес. Іх ставілі аматарскія і паўпрафесійныя калектывы Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі, а найбольш — вандроўны тэатр Уладзіслава Галубка ў БССР. Не дзіва, што Аляхновіча яшчэ пры жыцці Ігнат Дварчанін назваў “бацькам навейшай беларускай драматургіі”.

Арышт і кніга (1927–1937)

У сярэдзіне лістапада 1926 года Аляхновіч прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Развіццё беларусізацыі зрабіла вельмі моцнае ўражанне на яго. Ён паверыў камуністам і вырашыў астацца ў БССР. 23 снежня 1926 года Аляхновіч атрымаў савецкае грамадзянства, а ўжо праз тыдзень (1 студзеня 1927-га) апынуўся ў турме. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы, прысудзілі да 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. 

Першы год працаваў на востраве Мяг, потым працаваў бібліятэкарам і ў музеі, удзельнічаў у працы самадзейнага тэатра вязняў.

Асобна хачу падкрэсліць, што назва выспы — Мяг, а не Мяч, як піша ананімны аўтар у беларускай Вікіпедыі. Ну хоць бы паглядзеў карту Салаўкоў!  

На пачатку восені 1933 года дзякуючы намаганням уплывовага віленскага журналіста Марыяна Свяхоўскага (1882–1934) быў абменены на арыштаванага ў Польшчы лідара БСРГ Б. Тарашкевіча. Вярнуўшыся ў Вільню, Аляхновіч напісаў знакамітую кнігу “У капцюрох ГПУ”.

І тут трэба адзначыць, што з кіпцюроў ГПУ Аляхновіча выцягнуў менавіта гэты паляк, а заходнія беларусы яму нічым не дапамаглі. Людвіка Кардзіс з Вільні няхай нічога не выдумляе наконт гэтага.  

Кніга “У капцюрох ГПУ” з’явілася першым творам сусветнай літаратуры, які апісваў жыццё ў сталінскім лагеры непасрэдна з пункту гледжання арыштанта. Безумоўна, гэта самы вядомы яго твор. Першы варыянт надрукавала польскамоўная віленская газета “Słowo”. У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай “Siedem lat w szponach G.P.U.”. Твор быў перакладзены на італьянскую, партугальскую (у Бразіліі) і ўкраінскую мовы. Толькі ў канцы 1937 года аўтар выдаў кнігу на беларускай мове.

Канец жыцця (1939–1944)

Калі ў верасні 1939 года ў Вільню ўвайшлі войскі чырвоных акупантаў, а з імі супрацоўнікі  НКУС, Аляхновіч пачаў хавацца ад арышту на кватэрах у знаёмых. Потым ад’ехаў у Алькенікі, дзе больш за год (да 22 чэрвеня 1941-га) працаваў вартаўніком на будаўніцтве моста.

У 1942–1944 гг. у Вільні ён рэдагаваў газету “Беларускі голас”, выйшлі 122 нумары.

У 1943 годзе ў Менску адбылася прэм’ера яго фальклорна-фантастычнай п’есы (6 актаў) “Круці не круці — трэба памярці”.

Увечары 3 сакавіка 1944 года Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры невядома кім. На думку Юрыя Туронка, забойца быў з польскай Арміі Краёвай.  

Творы Ф. Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-я гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі