Дай Дарогу! "Дай Дарогу!"

15 гадоў таму брэсцкія панкі "Дай Дарогу!" не думалі і не гадалі, што аднойчы, у 2015-м, калегі па цэху назавуць іх гурт "Артыстам года", што каманда будзе збіраць аншлагі ў тысячных залах і не вылазіць з гастрольных тураў. Цяпер Стыльскі кажа, што панк у Беларусі (хаця колькі ў нас таго панку!) выходзіць з сутарэнняў і ледзьве не становіцца мэйнстрымам. Адпаведна, як бы ў пацверджанне гэтых словаў, "Дай Дарогу!" выдаюць пазітыўны поп-панкавы дыск, названы ў гонар сябе саміх.

Кружэлка дэманструе, што музыкі, якіх часам крытыкуюць за саўнд на альбомах, могуць наруліць добры гук. І тое, што каманда ў надзвычайным росквіце: новая рытм-секцыя ў пары з няспынным Стыльскім літаральна выбухае неўтаймаванай энергіяй. Юра па-ранейшаму пільна сочыць за тым, што робіцца вакол яго і не забывае звярнуць увагу на праблемы грамадства і на тое, што “баліць” самому. Але, без іроніі нікуды!

Песню “Мальдывы” “Дай Дарогу!” прысвячаюць суайчыннікам, якія лічаць, што няма сэнсу некуды ездзіць, бо “ни здоровьем, ни баблом не надо рисковать”, і ўвогуле “самолётом очень-очень страшно, параходом тоже могут все утонуть”. У трэку “18 лет” Стыльскі і кампанія наракаюць на сістэму, якая можа не паверыць ў твае 18 і не прадаць моцных напояў. Юра разважае наконт зорнай хваробы ў “На звёздной кочерге”, уласна чэша патыліцу, як заядлы халасцяк, у трэку “Велик” ― “а мама говорит жениться, мне пора остепениться”, уздымае актуальную тэму росту долара ў “Cъёмной хате”, паказвае, чым пагражае правільны лад жыцця і імкненне “быць як ўсе” у песні “Общество калек”, падтрымлівае абаронцаў жывёл у “Перадсмяротным хіце” і распавядае пра жарсць, якая можа замяніць нават каханне ― "World of Tanks".

Гурт “Дай Дарогу!” прэзентуе альбом імя сябе

Альбом “Дай Дарогу!” атрымаўся досыць меладычным. Стыльскі кажа, што кружэлка вытрымана ў духу каліфарнійскага панку. У плане меладычным ён здалёк нагадвае опусы Green Day. А калі параўноўваць кружэлку з першымі дыскамі брастаўчан, тут у плане мелодыкі, падачы і прамалінейнасці ўвогуле неба і зямля. “Дай дарогу!” на альбоме “Дай Дарогу!” “акультурваюць” інструменты, упрыгожваюць партыі рознымі фішкамі, выдаюць вакальныя пачкі і актыўна разнастайваюць беларускую версію поп-панка рок-н-ролам.

Альбом, як бывае ў “Дай Дарогу!”, драйвовы і цэльны. Хіба што апошні трэк некалькі выбіваецца з агульнай каляіны, але і тое, хутчэй, з-за незразумелай (Юра тут спрабуе ахапіць большы дыяпазон, чым звычайна) вакальнай інтанацыі. Магчыма, кружэлка прайграе мінуламу дыску “Сквозь говно” ў драматызме і асуджанасці. Але новы дыск можа павесяліць і абавязкова прымусіць кінуцца ў слэм. Ці станчыць мядляк. Ну, гэта што каму больш падабаецца.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі