Для беларусаў можа закрыцца яшчэ і мяжа з Літвой?
"Вострая Брама", Вільнюс / GettyImages
Літоўскі Мінтранс папрасіў Дэпартамент дзяржбяспекі ацаніць, наколькі рызыкоўна пакідаць пасажырскія зносіны з Беларуссю. У міністэрстве мяркуюць, што ацэнка рызык такой дзейнасці дапаможа скараціць аб'ёмы пасажырскіх перавозак з Беларуссю і нават наогул выключыць іх, піша мясцовае выданне tv3.lt.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі раней публічна неаднаразова заклікаў грамадзян Літвы адмовіцца ад паездак у Беларусь. У выведцы заяўлялі, што на мяжы літоўскіх грамадзян дапытваюць і схіляюць да супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі пасажырскіх перавозак Гінтарас Накуціс сказаў, што ўпершыню пачуў пра жаданне Мінтранса абмежаваць пасажырскія перавозкі ў Беларусь.
"Я не ведаю, колькі падарожнічае грамадзян Літвы, але сярод пасажыраў вельмі шмат беларусаў, якія вандруюць аўтобусамі, у якіх няма іншых варыянтаў вярнуцца з Еўропы. Паколькі яны працуюць і ў Літве, і ў іншых краінах Еўрасаюза, ім трэба вярнуцца дадому. Бо самалётаў больш няма, яны вяртаюцца аўтамабільным транспартам. У Вільнюс яны ляцяць на самалёце, а з Вільнюса ў Беларусь едуць аўтобусам. Там беларусы", — кажа прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі пасажырскага транспарту.
На цяперашні момант перавозкамі ў Беларусь займаюцца 11 літоўскіх перавозчыкаў і 22 беларускія перавозчыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.