Для другой БелАЭС разглядаюць пляцоўку на поўдзень ад Магілёва

Лукашэнка не адмаўляецца ад ідэі будаваць другую атамную станцыю / Euroradio
Для будаўніцтва другой Беларускай АЭС разглядаюць пляцоўку на поўдзень ад Магілёва. Пра гэта ў аўторак падчас наведвання МАЗа паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Ён па-ранейшаму не адмаўляецца ад ідэі будаваць другую атамную станцыю і збіраецца гэта "ў бліжэйшы час" абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным. І гэта зразумела, бо, каб рэалізаваць праект, патрэбныя сродкі і дапамога расіян.
"У нас сёння нават невялікі лішак электраэнергіі, — гаварыў Лукашэнка. — Але ў будучыні гэтага можа не хапіць... Лішняй электраэнергіі не бывае, мы заўсёды спажывём".
Па словах Лукашэнкі, пляцоўка на Магілёўшчыне — адзін з варыянтаў, бо месца для будаўніцтва яшчэ не вызначана. "Або пашыраць будзем тую [АЭС] ў Астраўцы", — дадаў ён.
Аб неабходнасці пабудаваць у Беларусі другую АЭС Аляксандр Лукашэнка заявіў у 2020-м. Ён лічыў, што гэта дазволіць краіне не залежаць ад расійскіх паставак нафты і газу. А ў пачатку 2021-га кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў сказаў, што думае ўжо пра... трэцюю БелАЭС.
Яшчэ ў 2023-м Лукашэнка гаварыў пра два варыянты. Першы — дапоўніць яшчэ двума энергаблокамі ўжо наяўную атамную станцыю ў Астравецкім раёне. Другі — выкарыстоўваць для новага будаўніцтва альтэрнатыўную пляцоўку ў Магілёўскай вобласці.
Тым часам Беларуская АЭС не працуе з мінулага года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.