Для каранціну ў школах ужо позна: калонка каранавіруснага песіміста
Каранцін праз каранавірус / Reuters
Чатыры тысячы беларусаў падпісалі петыцыю за ўвядзенне каранціну праз каранавірус ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Такія захады ўжо зроблены ў суседніх краінах — Польшчы і Украіне. Іншыя краіны — напрыклад, Чэхія і Італія — пайшлі далей, забараняючы ўезд замежнікам і абмяжоўваючы перамяшчэнні па краіне ўласных грамадзян.
Чатыры тысячы беларусаў лічаць, што каранцін у школах і ўніверсітэтах дапаможа спыніць каранавірус. Маё меркаванне — гэта можа запаволіць, але не прадухіліць распаўсюд інфекцыі. Я каранавірусны песіміст — упэўнены, што перахварэюць амаль усе. І вось чаму.
1. Распусціўшы школьнікаў і студэнтаў па дамах, улады на час ізалююць іх адно ад аднаго. Але сядзець у чатырох сценах хутка надакучыць — так ці інакш яны будуць праводзіць час разам. Фудкорты, трэнажоркі, паб-квізы, дыскатэкі — гэта ўсё ніхто адмяняць не збіраецца. Да таго ж вірус у сям'ю могуць прынесці бацькі, для якіх каранцін не прадугледжаны. У выніку — ок, на час навучальнага каранціну распаўсюджванне інфекцыі замарудзіцца. Але пасля мы атрымаем успышку.
2. Сімптомы каранавіруснай інфекцыі праяўляюць сябе не адразу. 20-гадовы беларускі спартсмен, які прывёз вірус з Партугаліі, у аэрапорце адчуваў сябе нармальна, а з Мінска ў Гомель ехаў цягніком. Колькі людзей сталіся заражаныя падчас гэтай паездкі? Усе яны цяпер пераносяць інфекцыю. І гэта толькі адзін з 27 беларускіх пацыентаў з COVID-2019, пра якіх вядома на цяперашні момант.
3. Многія хварэюць на каранавірус без сімптомаў. Яны "пераходзяць" хваробу на нагах дакладна гэтаксама, як летась перахадзілі сезонны грып, пры гэтым заражаючы ўсіх, хто апынецца побач.
4. Раз'ехаўшыся па дамах, студэнты, якія вучацца ў Мінску, могуць разнесці інфекцыю па рэгіёнах. Сцвярджаць, што ніхто з іх не хворы, было б па меншай меры саманадзейна, бо іх дзясяткі тысяч.
5. Уязны турызм у Беларусі, вядома, развіты слабавата. Затое мы лідары па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. Усіх, хто перасякае мяжу з Беларуссю, не праверыш і ў 14-дзённы каранцін, як у Ізраілі, не адправіш: няма куды. Значыць, людзі, якія падхапілі і вірус, немінуча будуць прасочвацца ў нашу краіну.
Аднак усё не так дрэнна. Па-першае, не так страшны каранавірус, як яго малююць. Па-другое, беларуская сістэма аховы здароўя пакуль што працуе на высокім узроўні: інфармацыі аб эпідэміялагічнай сітуацыі дастаткова, медыкі эфектыўна працуюць з пацыентамі і з іх "коламі кантактаў". Траіх з ліку тых, хто захварэў, вылечылі і ўжо нават выпісалі.
Па-трэцяе, шанц не захварэць ёсць ва ўсіх. Але рэч тут не ў каранціне і наогул не ў тым, што можа зрабіць дзяржава, а ў асабістай адказнасці. Часцей піце ваду, мыйце рукі з мылам, палашчыце горла, не вітайцеся за руку з тым, хто толькі што чхнуў у яе, не падстаўляйце сябе пад неапраўданую рызыку, удзельнічаючы ў масавых мерапрыемствах.
Змяніць сваё жыццё на карысць бяспекі мае сэнс нават такім каранавірусным песімістам, як я. Бо кажуць, імунітэт ад гэтай заразы не выпрацоўваецца. Значыць, калі ўжо і хварэць, то як мага пазней. Інакш ёсць шанц за час пандэміі перанесці каранавірусную інфекцыю двойчы. А гэта зусім ужо непрыемна.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.