Дональд Трамп стаў афіцыйным кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Мільянер Дональд Трамп стаў афіцыйным кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі. Як перадае ВВС, падчас галасавання дэлегатаў з’езду партыі яго кандыдатура атрымала найбольшую колькасць галасоў.
З’езд Рэспубліканскай партыі пачаўся ў панядзелак і будзе доўжыцца агулам чатыры дні.
70-гадовы бізнэсмен Дональд Трамп вядомы сваімі выказваннямі пра жаданне зрабіць Злучаныя Штаты “вялікай дзяржавай” і паладзіць з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Таксама ён рэзка выказваўся пра нелегальных мігрантаў з Мексікі і краін Лацінскай Амерыкі, называючы іх “гвалтаўнікамі”.
Перадвыбарчая кампанія Трампа адзначылася некаторымі экстравагантнымі выхадкамі. Напрыклад, ён публічна абразіў уплывовага сенатара-рэспубліканца Джона Макейна: маўляў, ён не лічыць гэтага палітыка, які ваяваў у В’етнаме, героем, бо той пабываў у палоне.
Трамп неаднаразова крытыкаваў сваю саперніцу ад партыі дэмакратаў Хілары Клінтан і называў яе “некампетэнтнай”.