Дональд Туск — пра мітынг Ціханоўскай у Мінску: "Іх нельга пакідаць адных!"
Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі, былы кіраўнік Еўрапейскага саюза і экс-прэм'ер Польшчы Дональд Туск адрэагаваў на самы масавы палітычны мітынг у Беларусі ў 2000-я гады. 30 ліпеня кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская сабрала ў парку Дружбы народаў больш за 60 тысяч чалавек.
Туск зрабіў рэтвіт твіта Франака Вячоркі з фота вялізнага натоўпу людзей і сцвярджэннем, што "гэта, напэўна, самы масавы палітычны мітынг у гісторыі Беларусі" (насамрэч, у 1990-я былі і больш масавыя вулічныя акцыі ў Мінску). "Іх нельга пакідаць адных!", — напісаў уплывовы еўрапейскі палітык. Яго словы шмат значаць. У Бруселі ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і пераканалаіся, што апаненты ўлады маюць сур'ёзную падтрымку ў грамадстве.
Тэлеканал Euronews у сюжэце пра мінскі мітынг паведаміў, што на ім было да 65 тысяч чалавек. Быў паказаны эпізод з выступу Ціханоўскай. Яна гаварыла: "Божа мой, людзі, якая рэвалюцыя?! Мы хочам сумленных выбараў! Прычым тут рэвалюцыя?! Навошта вы [улады] правакуеце свой народ?! Нам баевікі абсалютна не патрэбны. Мы — мірныя людзі. І мы хочам мірных перамен у нашай краіне".
У сюжэце паведамляецца, што "Ціханоўская стала на месца мужа, апазіцыянера Ціханоўскага, адпраўленага пад арышт".
They cannot be left alone! https://t.co/D2KpX92F6M
— Donald Tusk (@donaldtuskEPP) July 30, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.