Доступ да наркасайтаў абмежавалі толькі ў дзяржустановах і школах

Генеральная пракуратура абвясціла пра абмежаванне доступу да 12 інтэрнет-сайтаў, дзе прапагандуюць наркотыкі.

Пасля гэтай навіны спрабуем зайсці на самыя папулярныя рэсурсы для спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў. На жаль, нам гэта ўдаецца. Барыгі па-ранейшаму пакідаюць там тэлефонныя нумары, наймаюць так званых “мінёраў”, якія дастаўляюць расфасаваныя спайсы і парашкі спажыўцу.

 “Гэта прымусовае абмежаванне пакуль актуальнае толькі для дзяржаўных органаў, установаў адукацыі і культуры, ― тлумачыць сітуацыю Марына Папова, начальнік аддзела па наглядзе за захоўваннем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры. ― Некаторыя інтэрнет-карыстальнікі пасмейваюцца, што па-ранейшаму могуць наведваць названыя сайты. Але гэта пытанне часу, гэта праца будзе пашырацца. Пакуль мы зрабілі тое, што можам. Калі заканадаўства зменіцца, то такія інтэрнет-рэсурсы мы будзем забараняць для ўсіх”.

Нагадаем, што доступ да наркасайтаў абмежавалі паводле Указу №60. Гэты закон накіраваны на нейтралізацыю рэсурсаў, дзе маецца інфармацыя, якую дзяржава лічыць небяспечнай, ― аб распаўсюджванні зброі, парнаграфіі, наркотыкаў. 

Зрэшты, нават калі ўвядуць поўную забарону на доступ, сучасны інтэрнет-карыстальнік зможа яе абыходзіць пры дапамозе ананімайзераў.

Таму эксперты ў супрацьдзеянні наркотыкам у першую чаргу прапаноўваюць  татальна забараніць усе сінтэтычныя псіхатропы, што яшчэ не ўдалося нідзе ў свеце.

Нагадаем складанасць праблемы: кожны тыдзень у Кітаі штампуюць псіхатропы з новымі формуламі. І пакуль у нас запускаецца механізм  забароны, наркадылеры распаўсюджваюць атруту (так званую “легалку”), без пагрозы трапіць у калонію.

Таму МУС прапанавала стварыць Міжведамасную антынаркатычную камісію, якая зможа ўносіць наваствораны псіхатроп у лік забароненых за лічаныя дні. Такім чынам, наркадылерам канчаткова перакрыюць кісларод.  А тысячы маладых беларусаў будуць выратаваны.

Але, як нядаўна паведамляла Еўрарадыё, заканадаўцы не спяшаюцца са стварэннем Камісіі.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пра перспектывы новага антынаркатычнага органа таксама выказваецца пакуль вельмі дыпламатычна.

“Сёння ўжо механізм даволі хуткі і мы ўносім новыя рэчывы ў “Рэспубліканскі пералік” за вельмі кароткі час (цягам месяца і больш, ― заўв. Еўрарадыё). Што тычыцца Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі, то яе актуальнасць будзе ацэнена экспертамі. Група працуе”, ― адказаў міністр на пытанне Еўрарадыё пасля нядаўняга выступу ў Палаце прадстаўнікоў.  

І сапраўды амаль усе спайсы, парашкі і маркі ў Беларусі забаронены. У параўнанні з суседнімі краінамі, у “чорны спіс” яны ўключаюцца значна больш хутка. Але цалкам перакрыць наркадылерам кісларод пакуль не ўдалося.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі