Другі “супераўторак” у ЗША: Клінтан і Трамп умацавалі пазіцыі

Другі “супераўторак” у ЗША: Клінтан і Трамп умацавалі пазіцыі

У другі “супераўторак”, калі ў ЗША прайшлі папярэднія партыйныя выбары ў пяці буйных штатах, кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан істотна ўмацавала свае пазіцыі. Яна перамагла ў ключавых штатах — Флорыдзе, Агаё і Ілінойсе, а таксама ў Паўночнай Караліне. У штаце Місуры падлічаныя амаль усе галасы і розніца паміж Клінтан і яе сапернікам Берні Сандэрсам складае дзве дзясятыя працэнта — 49,6 супраць 49,4.

Магчымы канкурэнт Клінтан на прэзідэнцкіх выбарах Дональд Трамп ад Рэспубліканскай партыі ўпэўнена перамог у Флорыдзе, аднак прайграў у штаце Агаё мясцоваму губернатару Джону Кейсіку. Гэтая акалічнасць не дазваляе Трампу абвясціць сябе кандыдатам ад сваёй партыі.

Флорыда і Агаё — два асабліва важныя штаты для кандыдатаў-рэспубліканцаў, бо палітык, які перамог у іх, атрымлівае галасы, адпаведна, 99 і 66 дэлегатаў нацыянальнай канвенцыі. Канвенцыя пройдзе ў ліпені і абярэ кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Другі кандыдат ад рэспубліканцаў Марка Рубіа, які спадзяваўся на перамогу ў Флорыдзе, бо ён сенатар гэтага штата, прайграў у сябе дома і зняўся з прэзідэнцкай гонкі.

Трамп таксама перамагае ў Ілінойсе і Паўночнай Караліне. З невялікай перавагай ён лідзіруе і ў Місуры. Таму нягледзячы на няўдачу ў Агаё, амерыканскі мільярдэр застаецца яўным фаварытам сярод рэспубліканцаў, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі