Два гамельчукі залезлі на міліцэйскую машыну, каб сфатаграфавацца
Крымінальнай справай скончылася для двух гамельчукоў фотасесія на міліцэйскай машыне, паведамляе прэс-служба МУС.
Здарэнне адбылося 17 кастрычніка. Гомельскія міліцыянты выехалі да аднаго з гіпермаркетаў: там спрацавала трывожная кнопка. Пакуль міліцыянты правяралі краму, да іх аўтамабіля падышла кампанія маладых людзей, якая адпачывала непадалёк. Двое з іх сталі пазіраваць, трэці фатаграфаваў.
Спярша хлопцы фатаграфаваліся на фоне аўто, а потым залезлі на капот. Потым адзін забраўся на дах ВАЗа і сфатаграфаваўся на фоне пробліскавых маячкоў. Пасля гэтага маладыя людзі селі ў іншамарку і з'ехалі.
Відавочца здарэння распавёў пра яго міліцыянтам. Яны далажылі аператыўнаму дзяжурнаму, а той выклікаў следча-аператыўную групу. Эксперт выявіў увагнутасці на даху і капоце аўтамабіля, драпіны, а таксама сляды абутку невядомых.
Неўзабаве машыну з маладымі людзьмі затрымалі ў раёне чыгуначнага вакзала. Да таго часу адзін з хлопцаў паспеў ужо размясціць фота на сваёй старонцы ў Інстаграме.
На маладых людзей пачалі крымінальную справу за хуліганства, здзейсненае групай асобаў. Ім паграже да шасці гадоў пазбаўлення волі. Абодва 23-гадовыя хлопцы раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за дробнае хуліганства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.