Дзе ўлады плануюць размясціць мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы
Улады вызначылі месца, куды змясціць дзяцей мігрантаў з памежжа / БелТА
12 лістапада ў некалькіх тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя аб месцах у Гродзенскім раёне, дзе нібыта хочуць размясціць мігрантаў, якія затрымаліся на мяжы Беларусі і Польшчы. У прыватнасці, гаворка ішла пра дзіцячыя летніки "Купалінка", "Зорька", а таксама пра спартыўна-аздараўленчы цэнтр "Світанак".
У Гродзенскім гарвыканкаме пракаментавалі гэтую інфармацыю. З нагоды дзіцячых лагераў на прамой тэлефоннай лініі сказалі, што "гэта не так".
— Разглядаецца пустуючая спартыўная база ў Гродзенскім раёне. Лагеры не разглядаюцца — ні "Купалінка", ні "Зорька", — адзначылі ў гарвыканкаме. — На базе ў Гродзенскім раёне недалёка ад Парэчча [гаворка ідзе пра спартыўна-аздараўленчы цэнтр "Світанак". — Еўрарадыё] нікога няма. Яна пустуе. Калі і будзе вырашана гэтае пытанне, то гэта будзе там.
Як паведамляла БелТА, у цэнтры "Світанак" можа размясціцца да 200 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.