Дзеці з мінскай гімназіі не могуць трапіць у басейн, хоць ён абавязковы

Крыніца: pestrecy-rt.ru
Крыніца: pestrecy-rt.ru

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнулася мама чацвёртакласніцы мінскай гімназіі №4 Вераніка Лебедзь. Вучэбная праграма для 4-х класаў прадугледжвае абавязковае наведванне дзецьмі басейна, аднак дзіця Веранікі і іншыя дзеці ў гэтым навучальным годзе ў басейн не трапяць. У гімназіі ніякіх тлумачэнняў бацькам не даюць. Еўрарадыё разбіраецца, чаму дзеці з гімназіі №4 не могуць навучыцца плаваць.

Дети из минской гимназии не могут попасть в бассейн, хотя он обязателен

"Па праграме ў чацвёртых класах павінны быць заняткі ў басейне, — тлумачыць маці. — Ва ўсіх маіх знаёмых дзеці займаліся. Мы з іншымі бацькамі звярталіся да нашай настаўніцы на пачатку навучальнага года, перад Новым годам і пасля. Кожны раз яна адказвала, маўляў, не ведаю, потым, можа быць, у чацвёртай чвэрці. І вось наступіла чацвёртая чвэрць, мы зноў пытаемся, а ў адказ: "Якія законы мы парушаем? Мы не парушаем ніякіх законаў". Нам нічога не тлумачаць".

Дети из минской гимназии не могут попасть в бассейн, хотя он обязателен
Скрыншот: adu.by

Вераніка распавядае, што побач з іх гімназіяй знаходзіцца школа №201. Там ёсць басейн, дзе займаюцца вучні розных школ раёна. Раней чацвёртакласнікі гімназіі №4 таксама наведвалі гэты басейн. Але год на год не прыходзіцца. Сын Веранікі, які скончыў гімназію ў мінулым годзе, сын-васьмікласнік і дачка-чацвёртакласніца плаваць там не вучыліся. Усяго ў сям'і шасцёра дзяцей. У наступным навучальным годзе ў ёй з'явіцца яшчэ адзін першакласнік.

"Я не разумею, чаму адных школьнікаў вучаць плаваць, а іншых — не? — здзіўляецца Вераніка. — Так быць не павінна".

"У Фрунзенскім раёне пяць басейнаў, можна хадзіць не толькі ў нашу школу"

Дети из минской гимназии не могут попасть в бассейн, хотя он обязателен

Дырэктар гімназіі №4 Андрэй Гоцман тлумачыць, што размеркаваннем месцаў у іншыя басейны, калі ў школе няма свайго, займаецца раённае ўпраўленне адукацыі.

"Мне прыходзіць загад, на падставе якога я магу накіроўваць дзяцей на заняткі. Ці будуць заняткі ў чацвёртай чвэрці ў чацвёртакласнікаў ў гэтым годзе, я не ведаю", — кажа ён.

У школе №201 ўдакладнілі: у спісах навучальных устаноў, вучні якіх будуць наведваць іх басейн у чацвёртай чвэрці, гімназіі №4 няма.

Дети из минской гимназии не могут попасть в бассейн, хотя он обязателен

"У гэтым годзе да нас з чацвёртай гімназіі не звярталіся, але раней вучні адтуль у нас плавалі, — расказвае намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Ніна Балясная. — Звычайна я складаю спіс раённых школ, навучэнцы якіх плануюць у нас займацца. Гэта павінны быць бліжэйшыя школы, каб дзецям не даводзілася ездзіць або перасякаць праезную частку. Спіс школ мы адпраўляем ва ўпраўленне адукацыі, яно затым выдае загад — так школы замацоўваюцца за нашым басейнам".

Калі вучні вучацца ў першую змену, то заняткі па плаванні праходзяць у другую, і наадварот. Па словах Баляснай, у суседніх школах чацвёртакласнікі ў асноўным вучацца ў першую змену.

"У нас на другой змене не заўсёды бывае вада, таму немагчыма ўнесці ў расклад ўсіх жадаючых, — кажа намесніца дырэктара. — Але сёння ў Фрунзенскім раёне працуе пяць басейнаў, таму вучні могуць хадзіць не толькі ў нашу школу".

Дырэктар гімназіі павінен сам турбавацца пра дзяцей, а не чакаць загаду

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы патэлефанавалі ў Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Там здзівіліся таму, што дырэктар 4-й гімназіі чакае загаду з РАНА.

"Калі ёсць парушэнні, сітуацыя ў гімназіі №4 будзе ўзятая пад кантроль, — сказала прадстаўніца камітэта Надзея Вялікая. — Праграма па прадмеце "Фізічная культура і здароўе" вызначае нагрузку для кожнага класа, у тым ліку і па плаванні. Калі дырэктар гімназіі кажа, што чакае загад з Упраўлення па адукацыі, гэта няправільна. У першую чаргу ён сам павінен турбавацца пра сваіх дзяцей і, прабачце мяне, абавязаны выконваць праграму".

Надзея Вялікая адзначыла, што ўпраўленне па адукацыі толькі каардынуе гэты працэс. Па яе словах, непасрэдным выканаўцам з'яўляецца ўстанова адукацыі:

"Напрыклад, дырэктар бачыць, што ў школе № 201 няма месца для ўсіх. Можна паспрабаваць дамовіцца, каб там займалася хоць нейкая колькасць дзяцей. Трэба працаваць, праводзіць перамовы на мясцовым узроўні. Напрыклад, частка вучняў будзе хадзіць у адзін басейн, частка — у іншы. Далей каардынацыю ажыццяўляе [раённае] упраўленне па адукацыі. Калі ў дырэктара не атрымліваецца дамовіцца са школамі або басейнамі самастойна, ён павінен інфармаваць упраўленне па адукацыі, якое падключыцца да вырашэння гэтага пытання. Я не бачу тут нічога невырашальнага. Тут усё вельмі проста".

У Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама нам паабяцалі падключыць спецыялістаў, якія правераць, што адбываецца ў гімназіі №4 і чаму школьнікі не займаюцца плаваннем. Акрамя таго, дырэктар школы №201 Людміла Фёдарава запрашае ўсіх бацькоў да сябе на прыём і абяцае асабіста распавесці, чаму чацвёртакласнікі гімназіі №4 не займаюцца ў іх басейне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі