Дзевяць прычын, па якіх міліцыянт можа прымяніць зброю (спіс)
Правілы прымянення службовай зброі беларускімі міліцыянтамі прапісаныя ў законе "Аб органах унутраных спраў", гэтаму прысвечаны ўвесь 29 артыкул.
Коратка пералічваем выпадкі, пры якіх міліцыянты маюць права страляць у чалавека.
1. Калі нехта нападае на самога міліцыянта, альбо іншага чалавека і пры гэтым існуе пагроза жыццю ці здароўю той асобы, на якую нападаюць.
2. Прымяняць зброю дазволена таксама, калі напад здзейснены групай асобаў.
3. Можна страляць у чалавека, калі ён здзяйсняе напад на іншага чалавека, альбо будынак (жыллё, дзяржаўная установа, казарма і іншае) маючы зброю, альбо так званым "агульнанебяспечным спосабам". Гэта значыць з дапамогай падпалаў, выбухоўкі, аўтамабіля, альбо нейкага іншага механізма. Важна разумець, што за тэрмінам "зброя" можа хавацца не толькі пісталет, аўтамат, ці вінтоўка. Гэта можа быць і бейсбольная біта, альбо іншы небяспечны прадмет.
4. Калі чалавек спрабуе адабраць у міліцыянта зброю, альбо боепрыпасы, то міліцыянт таксама мае законнае права страляць у нападніка.
5. Прычынай страляць на паражэнне можа быць захоп і утрыманне закладніка. Пры гэтым у законе не ўдакладняецца, ці абавязкова пры гэтым жыццю закладніка павінна нешта пагражаць.
6. Калі чалавек, які здзяйсняў нешта з пералічанага вышэй, спрабуе уцячы ад міліцыянта і пры гэтым пагражае яму зброяй.
7. Страляць можна таксама ў таго, хто ўцякае з-пад варты альбо ад канвою.
8. Калі чалавек не падпарадкаваўся загаду міліцыянта пакласці, альбо аддаць зброю, выбухоўку, альбо іншыя прадметы, якімі можа нанесці шкоду здароўю грамадзян, альбо пагражаць іх жыццю.
9. Калі чалавек ігнаруе загады міліцыянта і набліжаецца да яго бліжэй, чым той загадаў, спрабуе дастаць нешта з кішэняў, альбо сумкі. Альбо робіць нешта такое, што міліцыянт можа зразумець як пагрозу свайму жыццю і здароўю, альбо жыццю і здароўю іншых грамадзян.
Акрамя гэтага страляць міліцыянты могуць каб падаць сігнал ці выклікаць дапамогу, каб абясшкодзіць жывёлу, якая пагражае жыццю ці здароўю, каб спыніць аўтамабіль, які не жадае спыняцца, альбо міліцыянту вядома, што ў аўтамабілі знаходзіцца злачынца, які падазраецца ў цяжкім, альбо асабліва цяжкім злачынстве. Акрамя гэтага супрацоўнікам міліцыі дазволена прыводзіць зброю ў баявую гатоўнасць, калі яны палічаць, што яна можа спатрэбіцца. Цікава таксама, што ў законе "Аб органах унутраных спраў" прадугледжана магчымасць для "іншых выпадкаў" законнага прымянення зброі, якія "вызначаюцца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь".
У навагоднюю ноч у Мінску напалі на міліцыяненра, спрабавалі адабраць пісталет
маці параненага не верыць, што яе 28-гадовы сын мог справакаваць інцыдэнт. Паводле яе слоў, ён адзін адчыняў дзверы, а за імі былі, як мінімум, двое міліцыянераў. Куля закранула сыну частку лёгкага, ён знаходзіцца ў шпіталі пад аховай у стабільна цяжкім стане. Маці да яго не пускаюць.
У якіх выпадках зброю міліцыянтам прымяняць забаронена
1. У натоўпе, калі ад стрэлаў могуць пацярпець выпадковыя грамадзяне.
2. Страляць таксама нельга ў напрамку складоў з выбухоўкай і небяспечнымі рэчывамі, а таксама па транспартных сродках, якія іх перавозяць.
3. Нельга страляць у жанчын, у інвалідаў і ў непаўнагадовых, калі іх узрост відавочны, альбо вядомы міліцыянту. Акрамя тых выпадкаў, калі жанчыны, інваліды, альбо непаўнагадовыя здзяйсняюць узброены напад, альбо напад групай асобаў і пры гэтым пагражаюць жыццю і здароўю іншых грамадзян.