“Джамбібум”, “Палац” і Drum Ecstasy працягваюць акультурваць Кракаў

Тыдзень беларускай культуры, які зараз праходзіць у Кракаве, наблізіўся да кульмінацыйнай часткі – шэрагу канцэртаў беларускіх гутроў у самым цэнтры горада.
Гурты, якія прэзентуюць нашу краіну 28 і 29 сакавіка – гэта “Джамбібум”, “Палац”, Drum Ecstasy, Яр, WZ Orchestra і Крама. Адзін з арганізатараў Тыдня беларускай культуры, Зміцер Чарткоў, у першую чаргу зазначыў, наколькі важна, што такая падзея адбываецца менавіта ў Кракаве, а не, да прыкладу, у Варшаве:

“Кракаў – гэта культурная сталіца Польшчы, гэта ўжо само за сябе кажа. Гэта турыстычны горад, у які прыязжаюць людзі з усяго свету. Яны проста даведаюцца аб тым, што такое Беларусь, і панясуць гэта далей. Таму Кракаў”.

Нагадаю, што першыя два дні адзначыліся адкрыццём мастацкай выставы “Ars Longa”, перфомансу “Unreal Student Life” і канцэртамі гуртоў “ULIS” і “Нейра Дзюбель”.

Беларусам, якія вучацца ў Кракаве, выступленні натуральна спадабаліся, а вось як рэагавалі на беларусаў палякі?

Зміцер Чарткоў: Для некаторых гэта вельмі нечакана было. Яны ўбачылі Беларусь з іншага боку, як там развіваецца ўсё. Усе кажуць пра палітыку ў Беларусі, пра дыктатуру, а мы кажам пра культуру.

Еўрарадыё: А каго-небудзь з імён яны запомнілі ўжо?

Зміцер Чарткоў: Не ведаю як з імёнаў, але вельмі доўга будуць памятаць выставу галерыі “Ars Longa”. Гэта было ў галерэі Інстытута Мастацтваў, тут, у Кракаве, прыйшло шмат прафесараў, крытыкаў, студэнтаў. Былі прадстаўленыя 24 мастакі з Беларусі, якія зараз працуюць у кірунку сучаснага мастацтва. Іх працы, насамрэч, на міравым узроўні.

Еўрарадыё: Як наконт беларускай музыкі?

Зміцер Чарткоў: У нас пытаюцца ўвесь час пра Змітра Вайцюшкевіча, і вось ён зноў прыязжае ў Кракаў. Сёння прыйдзуць на Drum Ecstasy і “Палац”.

Drum Extasy літаральна запалілі публіку сваёй ігрой Дарэчы, пра Drum Ecstasy. Гурт прыехаў у Кракаў не ў поўным складзе. Як аказалася, яны згубілі аднаго з трох сваіх бубначоў – Сцяпана Бітусу. Сцяпан наўпрост застаўся ў Гоа і пасля збіраецца вярнуцца ў Маскву. Музыкам такі варыянт не падыходзіць, таму зараз яны у пошуках новага бубнача. А пакуль выступаюць у аварыйным рэжыме і ад канцэрта ў Кракаве чакаюць....

Філіп Чмыр: Нічога.

Гарох: Спадзяюсь, сюрпрызаў не будзе, таму што ўтрох граць вельмі складана, тры бубнача — гэта добра, але калі два — гэта ўжо cкладана.

Філіп Чмыр:
Гароху ўвогуле прыйдзецца граць за дваіх! Ён усе “салякі” забірае на сябе, Рыжы у нас будзе выступаць як асноўная маса, з такімі танюткімі бубнамі. То бок мы не ведаем як усё атрымаецца.

Але не падумайце, удзельнікі гурта не выглядалі разгубленымі, хутчэй наадварот, былі ўпэўненымі ў сваім прафесіяналізме.

Філіп Чмыр: Мы заўсёды выступаем перад публікай іншых краін, і для нас нічога новага ў гэтым няма. Мы ведаем, што людзі ўсе з нармальнай рэакцыяй. Ды ўсё ў парадку! Людзі нармалёва на нас рэагуюць!

Вось мы і паглядзім, як будуць рэагаваць палякі на Drum Ecstasy, а таксама на гурты “Палац”, “Джамбібум”, WZ Orchestra, “Крама”, “Яр” – якія зайгаюць на малым рынку ў Кракаве.

Чакайце на новыя рэпартажы і слухайце жывыя ўключэнні з канцэртаў штовечар у эфіры Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі