Дзмітрыеў: Няма ніякага месца, дзе выдаюць пасведчанні аб апазіцыйнасці
Старшыня "Гавары праўду" ў жывым эфіры Еўрарадыё адказаў на пытанні аб выбарчай кампаніі.
Выбраныя цытаты з гутаркі:
— Чаму не балатуюся ў сталіцы? Апошнія 6 гадоў жыву ў Дзяржынскім раёне. Калі пераехаў туды, быў шакаваны кантрастам. Калі майму сыну спатрэбілася "хуткая", прыехала нешта з 90-х, зялёнага колеру.
— Улады вучацца і вучаць свае каманды. Гэтым разам усе праўладныя кандыдаты збіралі подпісы. І не толькі на працоўных месцах... Яны вучаць сваіх людзей ісці на выбары, працаваць з людзьмі.
— Для нас парламенцкая выбарчая кампанія пачалася адразу пасля завяршэння прэзідэнцкай. Калі мы абвясцілі, што ўсе ахвочыя могуць паспрабаваць пайсці на выбары кандыдатамі разам з намі, гаварыць пра мірныя перамены. У пачатку студзеня ў нас было такіх каля 60 чалавек. Цалкам новых, з вуліцы... Дакументы на рэгістрацыю падалі 25.
— Мы задавалі гэтым людзям пытанні "Чый Крым?" і "Што вы думаеце пра незалежнасць Беларусі?" Былі такія, каму мы жадалі поспеху і гаварылі, што яны моцна ад нас адрозніваюцца.
— Палітычныя партыі, і праўладныя і апазіцыйныя, часам вылучаюць такіх кандыдатаў, якіх людзі пабачаць у найлепшым выпадку 5 хвілін падчас выступу на тэлебачанні.
— Ніводная іншая апазіцыйная структура не здолела нават наблізіцца да таго, што зрабіла "Гавары праўду" падчас першага этапу выбарчай кампаніі. Нашы 25 чалавек сабралі 38 тысяч подпісаў.
— Апазіцыянеры перасталі сварыцца, ніхто не мае на гэта часу, усе занятыя сваімі кампаніямі. Раней час быў.
— Негатыў унутры апазіцыі віруе апошнія 20 гадоў. У палітыцы ніхто не абавязаны любіць іншага.
— Няма ніякага месца, дзе выдаюць пасведчанні аб апазіцыйнасці. Апазіцыйнасць — гэта іншыя погляды. У нас іншыя погляды на тое, як павінная развівацца краіна, не такія, як ва ўлады. Гавораць, што мы не апазіцыя? Гэта спекуляцыі.
— Палітычныя кааліцыі ў міжвыбарчы перыяд увогуле непатрэбныя. Хай кожная арганізацыя працуе са сваім электаратам. Кааліцыі, магчыма, патрэбныя падчас выбарчых кампаній. А можа, і не.
— У нас усё дамоўлена наконт праходу ў парламент? Хто вам гэта сказаў? Аляксандр Рыгоравіч? Вы бачылі, я атрымаў папярэджанне за тое, што быў вельмі актыўным.
— Калі траплю ў парламент, ствару каманду дарадцаў. Мы будзем вырашаць мясцовыя пытанні. Лічу, што гэта пытанне не толькі мясцовай улады. Другое — трэба зрабіць пералік законапраектаў, якія перашкаджаюць Беларусі развівацца.