Дзве ракеты забярыце: новыя дэталі пра Лукашэнку ўзору 1990-х

Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка ў 1995-м / Reuters
Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка ў 1995-м / Reuters

Кніг пра тое, якім Аляксандр Лукашэнка быў у 1990-я, шмат. Але практычна ўсе яны расказваюць пра яго з беларускага пункту гледжання. А вось у апошняй кнізе расійскага журналіста Міхаіла Зыгара "Усе свабодныя. Гісторыя пра тое, як у 1996 годзе ў Расіі скончыліся выбары" погляд зусім іншы.

Гаворка ў кнізе ідзе пра другія выбары Барыса Ельцына — некалькі месяцаў, якія вызначылі Расію на шмат наступных гадоў. Вядома, Аляксандр Лукашэнка там — герой нават не другога плана, але некалькі цікавых дэталяў пра яго суразмоўнікі Зыгара расказалі.

Наколькі ўсё гэта адпавядае праўдзе, сказаць складана. Сам Зыгар яшчэ ў прадмове піша, што многія з тых, з кім ён размаўляў для напісання кнігі, маглі гаварыць няпраўду, свядома ці не. Але, так ці інакш, факты цікавыя.
 

Хаваў Любімава ў беларускай амбасадзе

Две ракеты заберите: новые детали о Лукашенко образца 1990-х

Як піша Зыгар, расійскі журналіст Аляксандр Любімаў, які праславіўся разам з Уладзіславам Лісцьевым дзякуючы праграме "Погляд", у сярэдзіне 90-х актыўна займаўся не толькі тэлебачаннем, але і паліттэхналогіямі.

"У 1994 годзе яго спецыялісты працуюць у Беларусі і прыводзяць да перамогі Аляксандра Лукашэнку, яны ж праводзяць выбарчую кампанію Эдуарда Шэварнадзэ ў Грузіі", — піша Зыгар.

Расказвае ён і пра "падзяку" ад Лукашэнкі:

"1 сакавіка 1995 года Лісцьева забіваюць. Галоўнымі падазраванымі тут жа называюць тых людзей, якія зарабляюць на продажы рэкламы: Сяргея Лісоўскага, Аляксандра Любімава і самага актыўнага акцыянера ОРТ Барыса Беразоўскага. Любімаў падчас забойства адпачывае ў Егіпце. У Маскве кажуць, што ён мог ведаць пра падрыхтоўку злачынства і загадзя паклапаціўся пра алібі. Ён вяртаецца на пахаванне і некалькі дзён, баючыся арышту, хаваецца ў беларускай амбасадзе — так яму дапамагае былы кліент Аляксандр Лукашэнка".
 

Інтэграцыя як спосаб адмяніць выбары

"Спецыяльна пад выбары распрацоўваецца некалькі эфектных знешнепалітычных мерапрыемстваў. Адно з іх — стварэнне саюза Расіі і Беларусі. 2 красавіка Барыс Ельцын разам з беларускім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам з Краснага ганка на Саборнай плошчы Крамля з блаславення патрыярха Алексія II абвяшчае аб стварэнні ССР — Супольнасці Суверэнных Рэспублік. Гэта выглядае як пародыя на нядаўняе рашэнне Думы дэнансаваць Белавежскія пагадненні, але, напэўна, павінна спадабацца камуністычнаму электарату. Ельцын нават аб'яўляе, што з гэтага часу 2 красавіка будзе святочным днём. Ні назва "ССР", ні свята не прыжывуцца; больш за тое, пасля перадвыбарчай кампаніі пра іх ніхто і не ўспомніць", — піша Зыгар.

Сапраўды, ССР неўзабаве ператварылася ў Саюзную дзяржаву. 2 красавіка сёння святкуюць як "Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі", але дзяржаўнай (і тым больш міждзяржаўнай) шырыні ў гэтым свяце няма.

Две ракеты заберите: новые детали о Лукашенко образца 1990-х
Ельцын і Лукашэнка выдатна ладзілі. Прынамсі, перад камерамі / Reuters

"Палітолаг са Стэнфарда Майкл Макфол [пры Бараку Абаме ён працаваў амбасадарам ЗША ў РФ. — Еўрарадыё] расказвае, што ў час адной з сустрэч з ім намеснік генерала Рагозіна [Георгій Рагозін у той момант быў намеснікам кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта РФ. — Еўрарадыё] расказвае яму, што аб'яднанне з Беларуссю — гэта сцэнар, прыдуманы Службай бяспекі прэзідэнта. Атачэнне Каржакова [Аляксандр Каржакоў — на той момант кіраўнік аховы Ельцына, яго правая рука. — Еўрарадыё] разглядае гэты варыянт як адзін са спосабаў адмяніць прэзідэнцкія выбары. Зрэшты, прасунуцца далей рытуалу ім не ўдаецца", — адзначае Зыгар.

Цікава, што пра варыянт "паглыблення інтэграцыі" дзвюх краін для развязання пытання з чарговым вылучэннем Уладзіміра Пуціна ў прэзідэнты зноў гаварылі некалькі гадоў таму. У выніку пытанне вырашылі мяняць папраўкамі ў расійскую Канстытуцыю і "абнуленнем" тэрмінаў, да зліцця дзяржаў справа не дайшла.
 

"А колькі ў нас ракет у Беларусі?"

Две ракеты заберите: новые детали о Лукашенко образца 1990-х

Як піша Зыгар, у траўні 1996-га ў Крэмль хадзіў кандыдат у прэзідэнты Рыгор Яўлінскі, які на просьбу праваабаронцы Сяргея Кавалёва ўздымаў "беларускае пытанне":

"Кавалёў расказвае Яўлінскаму, што днямі ў Мінску адбылася акцыя пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Затрымалі многіх, сярод іх некалькі навукоўцаў, зусім пажылыя людзі, ім патрэбныя лекі. Кавалёў просіць перадаць Ельцыну, каб той патэлефанаваў Лукашэнку і абмеркаваў магчымасць змяніць меру стрымання затрыманым старым — хай чакаюць суда дома. Яўлінскі абяцае ўсё зрабіць".

Гаворка ідзе пра затрыманых пасля акцый пратэсту канца красавіка — пачатку траўня 1996-га, выкліканых апісаным вышэй пачаткам "саюзнага будаўніцтва".

На сустрэчы, якая павінна была быць прысвечаная іншым тэмам, Яўлінскі просіць Ельцына патэлефанаваць Лукашэнку. Той згаджаецца.

"Аляксандр Рыгоравіч, вы там узялі нейкіх палонных, адпусціце іх, — так перадае словы Ельцына Яўлінскі. — Я нічога не хачу чуць. Аляксандр Рыгоравіч, мы ўжо ў Еўропе, тут гэтага не любяць. Не трэба нікога забіваць. Адпусціце палонных. Ну што вы, не разумееце?"

Па парадзе Яўлінскага Ельцын нібыта кажа Лукашэнку мяняць меры стрымання і памяншаць тэрміны тым, хто іх ужо атрымаў.

"Лукашэнка задае Ельцыну пытанне, і той пераадрасоўвае яго Яўлінскаму: "Хто просіць?" — "Кавалёў просіць". — "А, ясна. Хто просіць, хто просіць. Дысідэнт. У мяне іх тут развялося... Увогуле, слухайце, Расія просіць вас. Вас просіць Расія! Усё, размова скончаная". І кідае трубку. Потым Ельцын просіць злучыць яго з расійскім міністрам абароны Грачовым. "Ну ўсё, — смяецца Яўлінскі, — думаю, цяпер абвесціць вайну". А прэзідэнт пытаецца ў міністра: "Павел Сяргеевіч, колькі ў нас ракет у Беларусі?" Той адказвае: "Шэсць". "Дзве забярыце, — падумаўшы, кажа Ельцын. — Яны не ўмеюць сябе паводзіць", — піша Зыгар.

Пазней пра гэта ўмяшанне і "вызваленне палонных" Ельцын сам будзе расказваць падчас перадвыбарчага візіту ў Краснаярск. І Лукашэнка да парад з Крамля тады прыслухаўся.
 

(Амаль) давёў Ельцына да інфаркту

Ускосна Лукашэнка, нароўні з напружаным графікам Ельцына ў 1996-м, становіцца віноўнікам чарговага інфаркту расійскага прэзідэнта.

Две ракеты заберите: новые детали о Лукашенко образца 1990-х
Лукашэнка і Ельцын не толькі пілі разам, але і хадзілі "на размінкі"

"Сапраўды, 22 чэрвеня Ельцын ляціць у Беларусь. "Лукашэнка частуе па поўнай праграме, — успамінае прэс-сакратар Ельцына Сяргей Мядзведзеў. З застоллем здараецца перабор". Ад Брэста да Калінінграда недалёка, але самалёт чамусьці доўга не садзіцца. Мядзведзеў глядзіць у ілюмінатар і разумее, што яны наразаюць кругі над залівам. Ён пытаецца, у чым рэч. Яму адказваюць: "Прэзідэнт пакуль не гатовы, так бы мовіць", — піша Зыгар.

Але ў Калінінградзе Ельцын-такі ўдзельнічае ў мерапрыемствах, а потым ляціць у верталёце ў Балтыйск. І па дарозе туды ў яго здараецца інфаркт.

Пасля Ельцын аднавіўся і, дзякуючы працы каманды, перамог Генадзя Зюганава на выбарах. Ужо пасля гэтага — заключная згадка Лукашэнкі: на інаўгурацыі ён чамусьці сядзеў побач з жонкамі самога Ельцына і расійскага прэм'ера Віктара Чарнамырдзіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі