Эканамічны суд Мінска прызнаў “Мотавела” банкрутам
Эканамічны суд Мінска прызнаў ААТ “Мотавела” банкрутам. Працэдура ліквідацыі мусіць скончыцца да 20 снежня 2018 года, інфармуе БЕЛТА. Маёмасць прадпрыемства, найперш вытворчую пляцоўку на Партызанскім праспекце, выставяць на таргі. Мяркуецца, што “мэтавае прызначэнне” згаданай пляцоўкі можа быць захаванае.
Як інфармуе партал tut.by, сума актываў “Мотавела” складае больш за 71 мільён рублёў. Што да крэдыторскай запазычанасці, то яна складае больш за 118 млн рублёў (сярод крэдытораў у асноўным банкі).
Справа аб банкруцтве стартавала летам мінулага года, заяву ў суд падало само прадпрыемства з-за сваёй “устойлівай неплацёжаздольнасці”. За гэты час колькасць работнікаў зменшылася на 25% (частка перайшла на “Мотавелазавод”) і на сённяшні дзень на “Мотавела” працуе каля 100 чалавек. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца здача ў арэнду памяшканняў. Пасля арышту ў 2015-м асноўнага ўладальніка Аляксандра Мураўёва ровары і мотатэхніку пачало выпускаць прадпрыемства ТАА “Мотавелазавод”, якое ўзначаліў былы старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Ён заяўляў, што “Мотавелазавод” не правапераемнік “Мотавела”, а пераемнік толькі віду дзейнасці.