Эксперт: Можа з’явіцца дамова паміж ЗША і Расіяй пад умоўнай назвай "Ялта-2"

Эксперт: Можа з’явіцца дамова паміж ЗША і Расіяй пад умоўнай назвай "Ялта-2"

Мінула менш за два тыдні з таго моманту, як Дональд Трамп афіцыйна стаў прэзідэнтам ЗША. Але нават за такі кароткі прамежак часу новы амерыканскі лідар паспеў зрабіць нямала гучных заяў і падпісаць шэраг кантраверсійных у некаторай ступені указаў.

Адмыслова для Еўрарадыё вядомы польскі амерыканіст, доктар навук Томаш Плудоўскі пракаментаваў галоўныя рашэнні Дональда Трампа ў першыя дні яго прэзідэнцтва.

Еўрарадыё: У першы тыдзень сваёй працы Дональд Трамп выйшаў з Трансціхаакіянскай партнёрскай дамовы аб вольным гандлі, хаця многія аналітыкі і сцвярджалі, што гэтая дамова ― рэальная эканамічная процівага Кітаю. Як патлумачыць такі крок?

Томаш Плудоўскі: З першых дзён прыхода да ўлады Трамп спрабуе стварыць уражанне, нібыта ён выконвае свае перадвыбарчыя абяцанні. Таксама палітык спрабуе адцягнуць увагу ад не самага ўдалага пачатку ― інаўгурацыі, якая па многіх прыкметах аказалася менш удалай, чым у многіх яго папярэднікаў, ад нізкага ўзроўню грамадскай падтрымкі, што бачна па апытаннях. Уласна кажучы, гэта самы нізкі ўзровень падтрымкі пасля ІІ Сусветнай вайны. Таму Трамп выдае серыю дэкрэтаў, якія не разыходзяцца з яго перадвыбарчымі абяцаннямі і ствараюць уражанне, нібыта ён шчыльна ўзяўся за працу. Аднак недастаткова выдаць дэкрэт, каб ён быў выкананы. Напрыклад, Барак Абама выдаў некалі дэкрэт аб закрыцці турмы ў Гуантанама, а яна дагэтуль функцыянуе.

Калі казаць менавіта пра Трансціхаакіянскую дамову аб вольным гандлі, то сапраўды, гаворка ішла пра стварэнне процівагі Кітаю. Супольны ВУП  12 дзяржаў, якія падпісалі дамову, складае каля 40% ад сусветнага. Аднак Дональд Трамп глядзіць на гэтую сістэму з унутранага пункту гледжання, з пункту гледжання свайго электарату. Аргументацыя, выбарчая і пост-выбарчая рыторыка гучаць так: гэтыя дамовы, якія скасавалі пошліны на імпартаваныя тавары, выклікалі вывад рабочых месцаў з ЗША, гэтак званы аўтсорсінг, і з-за гэтага амерыканцы губляюць працу. Але гэта толькі частковая праўда, бо дзякуючы дамовам, тавары, што прадаюцца ў ЗША, таннейшыя. Гэта двухбаковавостры меч. Калі б гэтая палітыка была рэалізаваная цалкам, то бок ЗША выйшлі з міжнародных дамоваў і ўвялі высокія пошліны на імпартную прадукцыю, вырабленую, да прыкладу, у Кітаі ці Мексіцы, то цэны на многія твары ўнутры краіны рэзка б выраслі. А гэта адбілася б на кішэнях простых амерыканцаў. Гэта не такая простая сітуацыя. Затое Трамп стварае ўражанне, што ён выконвае перадвыбарчыя абяцанні і ставіць Амерыку на першае месца.

Еўрарадыё:  Новы кіраўнік ЗША абвясціў пра будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Аднак дагэтуль незразумела, хто заплаціць за гэтую сцяну і ці існуе рэальная патрэба такога будаўніцтва?

Томаш Плудоўскі:  Чарговае перадвыбарчае абяцанне Дональда Трампа. Гэта беспрэцэдэнтнае мерапрыемства, бо мур і так ёсць на пэўных участках мяжы. Аднак Трамп хоча паставіць яго на працягу ўсёй мяжы, чаго б і так было недастаткова, бо трэба было б увесці рэстрыкцыі, як на марской мяжы. Трамп хоча паказаць, што ён моцны правадыр, які не баіцца сур’ёзных рашэнняў. Палітык кажа, што ён паставіць сцяну і зробіць так, што нелегальных мігрантаў больш не будзе. Гэта, натуральна, не адпавядае рэчаіснасці, бо многія з іх прыязджаюць легальна і застаюцца далей. Яны потым ужо не могуць выехаць з ЗША, адведаць свае сем’і, падарожнічаць. Калі ўжо прыехалі нелегальна або легальна працягнулі сваё прыбыванне, то вымушаныя застацца і чакаць, пакуль не зменяцца правілы і будзе легалізаванае месца іх жыхарства. Такіх людзей у краіне найменш паўтары дзясяткі мільёнаў. Таму цяжка сказаць, што гэта будзе эфектыўная палітыка. Хутчэй, яна пагоршыць стасункі з Мексікай, і ўжо прывяла да адмены візіту прэзідэнта Мексікі ў ЗША. І тым больш, Мексіка не схільная плаціць за гэтую сцяну.

Еўрарадыё: Ці сапраўды ідэя пабудовы сцяны належыць новаму прэзідэнту ЗША?  Сама ідэя ўзнікала ў часы былога прэзідэнта Клінтана, і нават Абама збіраўся распачаць такое будаўніцтва.

Томаш Плудоўскі:  Як я ўжо згадваў, сцяна ўжо ёсць на асобных участках мяжы. А вось пабудова сцяны на ўсёй працягласці мяжы ― вельмі дарагая справа. І я не ведаю, ці эфектыўны такі метад у ХХІ стагоддзі, бо цяпер ёсць розныя спосабы патрапіць у краіну. Можна прыплыць па моры, легальна прыляцець самалётам. Гэты метад не здыме праблему. Не вырашае ён і пытання нелегальных мігрантаў, якія ўжо жывуць у ЗША, маюць сем’і, дзяцей, якія там нарадзіліся. А калі дзеці нарадзіліся там, то яны маюць права на грамадзянства ЗША, паводле правіла зямлі. Нават калі хтосьці нарадзіўся на борце самалёта, які знаходзіцца ў паветранай прасторы ЗША, ён атрымлівае грамадзянства. Вось дзе найбольшая праблема, а не з тымі, хто яшчэ прыбудзе. 

Еўрарадыё: Дональд Трамп ліквідаваў рэформу  “Obamacare”,  папярэдняя сістэма страхавання здароўя сапраўды была настолькі кепскай, каб ад яе адмаўляцца?

Томаш Плудоўскі: Вядома, гэта залежыць ад пункта гледжання дэмакратаў і рэспубліканцаў, яны адрозніваюцца ў падыходзе, і гэта іх традыцыйны канфлікт. З пункту гледжання рэспубліканцаў, дзяржава мусіць быць мінімальна актыўная, і калі хтосьці хоча набыць страхоўку, то сам мусіць гэта зраіць. Гэты закон ― вырашэнне праблемы для Заходняга свету, для Еўропы. У  ЗША 20 млн амерыканцаў атрымалі страхоўкі, якія раней не маглі сабе дазволіць. Але негатыўны бок гэтай рэформы ў тым, што фірмы падвысілі кошт страхавання. Не трэба забываць, што ахова здароў'я ў Штатах каштуе куды больш чым ў той жа Еўропе ці Канадзе, таму тут пытанне, ці варта дзяржаве ўдзельнічаць у страхаванні. Таксама застаецца адкрытым пытанне: ці ў стане будзе Трамп прапанаваць нешта лепшае, каб у людзей, якія атрымалі страхоўку, яна засталася?    

Еўрарадыё: Доналд Трамп таксама падпісаў указ, які абмяжоўвае ўезд мігрантаў у краіну. Мы ведаем гэты спіс  краін Блізкага Усходу і Афрыкі, грамадзянам якіх часова забаронены ўезд у ЗША. Чаму былі абраныя менавіта гэтыя краіны? І як гэта стасуецца з правамі чалавека?

Томаш Плудоўскі: Безумоўна, кожная дзяржава мае права на абарону сваіх межаў. Але гэты міграцыйны ўказ, які быў уведзены Трампам, бессэнсоўны, бо бачна, што яго мэта выключна прапагандысцкая, як зрэшты і пытанне сцяны. Гэты ўказ не бароніць ад тэрарызму. Калі паглядзець на краіны, якіх ён тычыцца, то з іх не паходзіў ні адзін з папярэдніх тэрарыстаў, уключна з 11 верасня. Тэрарысты паходзілі з іншых краін: з Егіпта, Саудаўскай Аравіі. Гэтых краін у спісе няма, бо часткова Трамп мае там бізнэс-інтарэс, а часткова таму, што яны з’яўляюцца саюзнікамі ЗША. Шмат хто з тэрарыстаў быў амерыканцам другога пакалення ці больш. Таму сэнсоўнасць гэтага дэкрэта нулявая, і не мае ніякай сувязі з бяспекай. Таму выбар гэтых дзяржаў можа быць патлумачаны толькі адной прычынай, большасць насельніцтва гэтых краін ― мусульмане.     

Еўрарадыё: Але Афганістан і Пакістан маюць таксама мусульманскую большасць, гэтых краін у спісе няма?

Томаш  Плудоўскі: Менавіта, і з гэтых краін паходзілі тэрарысты, якія прыехалі ў ЗША і былі мігрантамі ў першым ці другім пакаленні. Магчыма, у гэтым спісе няма Пакістана і Афганістана, бо ЗША не хацелі сапсаваць адносіны з гэтымі краінамі. 

Еўрарадыё: Таксама Дональд Трамп падпісаў указ, які спыняе фінансаванне міжнародных арганізацый, што займаюцца прапагандай абортаў і кантрацэпцыі. Дзейнасць недзяржаўных арганізацый была накіраваная выключна на бедныя краіны, дзе застаецца высокая смяротнасць цяжарных жанчын і дзяцей. З чым звязаны такі падыход?

Томаш Плудоўскі: Гэта характэрна для кансерватыўнага падыходу, то бок вяртанне да палітыкі Рэйгана ў гэтым пытанні, якую скасаваў Клінтан, потым вярнуў Буш і зноў скасаваў Абама.   Думаю, што Трамп да канца не перакананы ў гэтым пытанні, бо відавочна, ён з’яўляецца праціўнікам абортаў, але сам, хутчэй, ліберальных поглядаў. Хутчэй, тут бачны ўплыў на яго рашэнне віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса, які мае моцныя кансерватыўныя погляды. Таму такое рашэнне не было нечаканым, хутчэй, нечаканасцю стала шырокае распаўсюджванне гэтага рашэння ў дачыненні да любой арганізацыі, якая ўзгадвае слова аборт.

Еўрарадыё: Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што Дональд Трамп распачаў цэлую вайну супраць дзяржаўных інстытутаў ЗША. Навошта палітык настройвае супраць сябе цэлыя структуры? І хто ў выніку пераможа ў гэтым канфлікце?

Томаш Плудоўскі: Дональд Трамп даволі агрэсіўна ставіцца да дзяржаўных інстытутаў. Справа ў тым, што палітык, як і яго бліжэйшае асяроддзе (напрыклад,  галоўны палітычны дарадца Сціў Бэнан) перакананыя, што ўлада павінна быць дэцэнтралізаваная. То бок большасць рычагоў кіравання мусяць мець ўлады штатаў, а не цэнтральныя ўлады (федэрацыя). І гэтая пазіцыя Трампа выклікае канфлікт са многімі дзяржаўнымі інстытутамі.

Адзначу, што пасля Другой сусветнай вайны ў ЗША яшчэ не было настолькі радыкальнага ў сваіх поглядах прэзідэнта. І гэты радыкалізм не прымаюць нават многія яго аднапартыйцы.

У выніку цяпер любыя рашэнні Трампа грамадства ўспрымае з асцярогай і нават супрацівам. І гэтая праблема кладзецца на плечы адміністрацыі новага прэзідэнта.

Еўрарадыё: Тым часам ва Украіне распачаўся новы этап канфлікту на Данбасе. І гэта здарылася акурат пасля таго, як Дональд Трамп афіцыйна стаў прэзідэнта ЗША. Ці можна сцвярджаць, што Расія правярае рэакцыю Трампа на гэты канфлікт? Ці з’яўляецца абвастрэнне супрацьстаяння на Данбасе наступствам тэлефоннай размовы паміж Пуціным і Трампам, якая мела месца некалькі дзён таму?

Томаш Плудоўскі: Не магу сказаць з упэўненасцю, ці звязанае абвастрэнне канфлікту на Данбасе з тэлефоннай размовай Пуціна і Трампа. Аднак існуе вялікая верагоднасць, што Крэмль сапраўды правярае, што яму дазволіць рабіць на Данбасе новая амерыканская адміністрацыя. І абапіраючыся на рэакцыю ЗША, Пуцін зробіць выбар, як паводзіць сябе ва ўкраінскім канфлікце.

З іншага боку, у перспектыве можа з’явіцца дамоўленасць паміж ЗША і Расіяй пад умоўнай назвай "Ялта-2". Калі гэтыя дзве дзяржавы проста падзеляць тэрыторыю ўплываў і не будуць прад’яўляць прэтэнзіі адна да адной. Але, як будуць развівацца падзеі, дакладна спрагназаваць пакуль немагчыма.

Слухаць размову цалкам:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі