Эксперт тлумачыць чаму вырашыў, што “Ідзі на х*й” не з’яўляецца абразай
Дэкан філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта Вольга Фелькіна рабіла лінгвістычную экспертызу размовы брэсцкага інспектара ДАІ і кіроўцы і пагадзілася патлумачыць Еўрарадыё, чаму “Ідзі на х*й” — не абраза.
“Справа ў тым, то паводле Кодэкса, абраза — гэта зневажэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме, — тлумачыць Вольга Антонаўна. — То бок першае, што мусіць прысутнічаць — зневажэнне гонару і годнасці асобы. І другое — непрыстойная форма такога зневажэння. Калі ў лексіцы ўтрымліваецца абсцэнная лексіка, гэта, безумоўна, непрыстойна. Ні ў якім кантэксце выкарыстанне так званых нецэнзурных словаў не можа быць прыстойным. Калі чалавек кажа іншаму: “Ідзі ты ў лазню!”, ці па якім іншым адрасе, то гэта ніяк не кранае асобы чалавека, да якога звяртаюцца.
Зневажэнне асобы — гэта ацэнка асобы. То бок, калі чалавеку кажуць: “Ты — ідыёт”, то гэта ацэнка асобы з пункту гледжання яе неадпаведнасці пэўнаму інтэлектуальнаму ўзроўню. Ці калі кажуць “Ты — падонак”, то гэта ацэнка. Але калі кажуць: “Ты ў гэтай сітуацыі павёў сабе подла”, то гэта не ацэнка асобы, а ацэнка паводзінаў. А калі кажуць “Ідзі ты ў лазню”, то, фактычна, кажуць “Ты мне надакучыў, адчапіся ад мяне”. То бок гэта зноў жа ацэнка паводзінаў чалавека, але не ацэнка яго асобы.
Таму, калі інспектар ДАІ скарыстаў гэты выраз, то яго можна было прыцягваць да адказнасці за хуліганства, бо ў нас выкарыстанне нецэнзурнай лексікі ў грамадскіх месцах забароненае. Але не за абразу”.
Еўрарадыё: А што наконт зваротаў інспектара да кіроўцы “Малыш” і “Андруша”?
Вольга Фелькіна: А вы лічыце гэтыя словы непрыстойнымі? Яны неяк прыніжаюць гонар і годнасць?
Еўрарадыё: Вось мы з вамі незнаёмыя людзі. Калі я вас зараз пачну называць малыш?
Вольга Фелькіна: Я не буду з вамі размаўляць і пакладу трубку! Але пісаць заяву за абразу я на вас не буду. Бо яе няма!
Еўрарадыё: Значыць, гэта вас неяк кранае і абражае, калі вы так адрэагуеце!
Вольга Фелькіна: Разумееце ў чым праблема. Тое ж, што было з Кіркоравым, які вылаяўся непрыстойнымі словамі на журналістку падчас прэс-канферэнцыі. Лінгвісты далі заключэнне, што абразы не было. Былі хамскія паводзіны, хуліганства, калі пажадаеце, але абразы не было. Ён жа яе не назваў непрыстойным словам, якое б азначала, што яна такая-сякая асоба.
У юрыдычнай практыцы абраза трактуецца значна больш вузка, чым у практыцы зносінаў паміж асобамі. То бок на бытавым узроўні гэта будзе абразай, але на юрыдычным — не! “Ты бярэш хабар!” — гэта на бытавым узроўні абраза, а на юрыдычным — не, на юрыдычным гэта паклёп.
"То бок абраза на бытавым узроўні заканадаўча ніяк не рэгулюецца. Мы з такой абразай сустракаемся пастаянна. Мужы жонак абражаюць, жонкі мужоў, сваіх дзяцей, суседзі часта сварацца і абражаюць. Менавіта таму, я думаю, абраза і была ўдакладненая гэтым “зневажэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме”. То бок, калі няма хоць бы аднаго з прызнакаў абразы, то гэта ўжо не абраза. То бок, калі сусед суседку назваў гадзюкай, то гэта не абраза, бо гадзюка — прыстойнае слова.
Натуральна, тут трэба ўлічваць сітуацыю падчас размовы. У дадзеным выпадку гэта быў інспектар падчас выканання службовых абавязкаў. Таму яны абодва мусілі паводзіць сябе больш прыстойна, але..."
Днямі брэсцкі кіроўца напісаў заяву аб прыцягненні да адказнасці інспектара ДАІ Пятручык С.Н., які паслаў кіроўцу “на х*й” і звяртаўся да яго “малыш” і “Андруша”. Канфлікт быў зняты на відэарэгістратар. Брэсцкае УДАІ УУС замовіла дэкану філфака БрДУ Вользе Фелькінай лінгвістычную экспертызу размовы. Паводле яе, выказванні маёра Пятручыка не з'яўляюцца наўмысным прыніжэннем гонару і годнасці асобы. А таму справу на інспектара вырашылі не заводзіць.