Эпідэміёлагі зноў праверылі ваду з-пад крана ў Мінску
У Мінску зноў правялі праверку якасці вады / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Раніцай 11 верасня Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі зноў праверыў ваду з-пад крана ў трох раёнах сталіцы, дзе на мінулым тыдні ўзніклі праблемы з-за аварыі. Сцвярджаецца, што яна адпавядае "гігіенічным нарматывам па паказчыках мікрабіялагічнай бяспекі".
Аварыя ў сістэме пітнога водазабеспячэння Мінска адбылася позна ўвечары 6 верасня і закранула Першамайскі, Партызанскі і Савецкі раёны сталіцы (каля 500 тысяч жыхароў). Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не рэкамендаваў выкарыстоўваць ваду з-пад крана для падрыхтоўкі ежы, "пітных мэтаў" і асабістай гігіены. Мінчукоў са згаданых раёнаў заклікалі выкарыстоўваць прывазную або бутыляваную ваду. На вуліцах з'явіліся цыстэрны з вадой.
Раніцай 8 верасня наступствы аварыі ліквідавалі. На наступны дзень эпідэміёлагі заявілі, што вада ўжо адпавядае нарматывам. Аднак праз два дні зноў правялі праверку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.