ЕС дае 8 млн еўра на сумесныя праекты ўлады і грамадзянскай супольнасці
Дзейнічаць адпаведная праграма будзе з 2014 па 2017 гады. Адметна, што на папярэдні трохгадовы перыяд ЕС выдаткаваў удвая менш — 4 мільёны еўра.
Гэтыя грошы выдаткоўваюцца на праекты ў межах праграмы “Арганізацыя грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады”. Па словах кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майры Моры, гэтая праграма дзейнічае ў 66 краінах свету. Яна разлічаная на перыяд з 2014 па 2020 гады, яе агульны бюджэт — 1,9 мільярда еўра.
Мора: “У межах гэтай праграмы будзе асвоена каля 8 мільёнаў еўра ў перыяд з 2014 па 2017 гады. Праз два асобныя запрашэнні да прапаноў. Працэдура адбору праектаў арганізуецца на конкурснай аснове. Для кожнага года ёсць свае прыярытэты. У 2015 годзе гэта навакольнае асяроддзе і энэргія. А ў 2016 годзе будзе рэгіянальнае развіццё”.
Як кажа Мора, найперш ЕС шукае праекты, якія будуць садзейнічаюць “нарошчванню патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады”. Па словах дыпламата, удалыя праекты — гэта тыя, якія прыносяць карысць, ахопліваюць як мага больш людзей і маюць доўгатэрміновы эфект.
Еўрарадыё пацікавілася, наколькі актыўна мясцовыя органы ўлады адгукаюцца на сумесны з грамадскімі арганізацыямі ўдзел у гэтай праграме ЕС. Майра Мора адказала, што гэта залежыць як ад актыўнасці чыноўнікаў на месцах, так і саміх грамадскіх арганізацый. У якасці добрага прыкладу яна назвала Гомельскую вобласць, дзе за грошы ЕС мясцовыя ўлады і недзяржаўныя арганізацыі паспяхова рэалізуюць шмат невялікіх сумесных праграм рознай накіраванасці.
Дарэчы, у мінулай інфармацыйнай сустрэчы жаданне азнаёміцца з праграмай “Арганізацыя грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады” і ўмовамі ўдзелу ў ёй выказалі 80 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады. А цяпер — 240.