ЕС працягнуў на год санкцыі, якія раней былі ўведзены супраць рэжыму Лукашэнкі
Працягненнем санкцый Брусель дасылае "сігнал"
Еўрасаюз працягнуў на год (да 28 лютага 2025-га) санкцыі, якія раней былі ўведзены супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У "чорным спісе" налічваецца 233 фізічных асоб (а сярод іх і сам Лукашэнка) і 37 юрыдычных асоб, паведамляе consilium.europa.eu.
Адзначаецца, што Савет ЕС прыняў рашэнне аб працягненні дзеяння санкцый у панядзелак. У паведамленні падкрэсліваецца, што ў апошнія гады іх уводзілі ў адказ на рэпрэсіі, якія адбываюцца ў РБ, і на падтрымку рэжымам Аляксандра Лукашэнкі агрэсіі РФ супраць Украіны. Цяпер жа зроблена выснова, што ў Беларусі адбываецца "рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека", а рэжым Лукашэнкі працягвае дапамагаць Расіі ў яе вайне супраць Украіны. ЕС заклікае "ўстрымацца ад такіх дзеянняў" і "выконваць свае міжнародныя абавязкі".
Працягненнем санкцый Брусель дасылае "сігнал" "палітычным і эканамічным суб'ектам, што іх дзеянні... маюць цану". А гэта азначае, што калі не будзе зменаў, з'явяцца новыя санкцыі. Еўрасаюз заяўляе пра намер прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
Індывідуальныя абмежавальныя меры ўключаюць замарожванне актываў і забарону на прадастаўленне сродкаў. На фізічных асоб дадаткова распаўсюджваецца забарона на паездкі ў ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.