ЕСПЧ абавязаў Рыгу і Варшаву забяспечыць мігрантаў, якія захраслі на мяжы, ежай

Некалькі дзясяткаў мігрантаў з Афганістана жывуць на польска-беларускай мяжы больш за два тыдні​ / Reuters
Некалькі дзясяткаў мігрантаў з Афганістана жывуць на польска-беларускай мяжы больш за два тыдні​ / Reuters

Еўрапейскі суд па правах чалавека звярнуўся да ўладаў Польшчы і Латвіі з патрабаваннем дапамагчы мігрантам, якія затрымаліся на мяжы з Беларуссю. Папярэдняе рашэнне суду апублікавана на сайце арганізацыі.

Паведамляецца, што суд разгледзеў дзве скаргі: ад "Аміры і іншых супраць Польшчы" і "Ахмеда і іншых супраць Латвіі". Першую скаргу падпісалі 32 грамадзяніна Афганістана, другую — 41 грамадзянін Ірака курдскага паходжання. У выніку суд пастанавіў "запатрабаваць, каб польскія і латвійскія ўлады забяспечылі ўсіх заяўнікаў ежай, вадой, адзеннем, адэкватнай медыцынскай дапамогай і, калі магчыма, часовым сховішчам".

Адначасова ў заяве падкрэсліваецца, што "гэтую меру не варта разумець як патрабаванне, каб Польшча ці Латвія дазволілі заяўнікам уезд на сваю тэрыторыю".

У абодвух выпадках мігранты, якія рухаліся праз Беларусь у краіны ЕС, апынуліся заціснутыя паміж памежнікамі дзвюх краін. У Латвію і Польшчу іх не пускаюць, а беларускія сілавікі не дазваляюць вярнуцца назад. У прыватнасці, на мяжы недалёка ад польскага горада Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве ўжо больш за два тыдні затрымаліся 30 мігрантаў. Польскія ўлады настойваюць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Нават спрабавалі адправіць ім гуманітарную дапамогу, але Мінск не даў згоду на перасячэнне мяжы канвоем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі