Еўрадэпутат: Спадзяюся, да травеньскага саміта Статкевіч выйдзе на волю

Цалкам размову з Андрэем Мамыкіным можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Андрэй Мамыкін, вядомы латвійскі журналіст, па нацыянальнасці рускі. У 2014 годзе стаў дэпутатам Еўрапарламенту, прадстаўляе Сацыял-дэмакратычную партыю Латвіі.

Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што візіт дэпутатаў Еўрапарламенту можа адбыцца найбліжэйшым часам…

Андрэй Мамыкін: Мы працуем над гэтым. Я кажу пра сяброў і партнёраў Рэспублікі Беларусь у Еўрапарламенце. Мы вельмі хацелі б, каб гэта адбылося да рыжскага саміту “Усходняга партнёрства”, які пройдзе 22 траўня. Магчыма, гэта будзе і крыху пазней, у чэрвені, але ў першай палове гэтага года.

Еўрарадыё: Якой будзе галоўная мэта гэтага візіту?

Андрэй Мамыкін: Гэта тое самае, што адказаць на пытанне, навошта ўвогуле дэпутаты парламентаў ездзяць адно да аднаго ў госці. Для таго, каб усталяваць палітычныя кантакты, каб лепш разумець адно аднаго, для таго, каб тым, хто не да канца ў гэта верыць ці не да канца разумее, сказаць, што Беларусь — гэта надзейны і добры партнёр Еўрапейскага саюза. Эканамічны партнёр, гандлёвы, чалавечы.

Еўрарадыё: Візіт дэлегацыі ў складзе дэпутатаў Еўрапарламенту папярэдняга склікання, што планаваўся спачатку на канец 2013, а потым — на пачатак 2014 года, не адбыўся нібыта таму, што парламентарыі пажадалі сустрэцца з палітвязнямі, а Мінск у гэтым адмовіў. Гэтым разам пытанне пра такую сустрэчу не стаіць ці дазвол атрыманы?

Андрэй Мамыкін: Наколькі я ведаю, ніхто і не забараняе сустракацца. Таму калі ласка, ты можаш прыехаць, падаць запыт на сустрэчу і ў належным парадку яе атрымаць. Але тут ёсць два ўзроўні праблемы: ты едзеш да зняволеных ці ты едзеш да прэзідэнта Лукашэнкі? І гэта трэба разумець дэпутатам Еўрапейскага парламенту. Я ведаю, што ў Дэлегацыі па супрацоўніцтве з Беларуссю былі такія людзі, якія, атрымаўшы афіцыйнае запрашэнне ад адміністрацыі прэзідэнта ці МЗС, сказалі: “Мы прынцыпова не будзем сустракацца з Лукашэнкам і паедзем толькі ў турму”. Зразумела, што такое стаўленне не выкліча захаплення ў беларускіх партнёраў.

Другі момант. Праблема зняволеных, добра ці дрэнна, але вырашаецца — усё ж такі іх ужо не 7, а 3. І з тых трох на статус палітычнага зняволенага ў еўрапейскім разуменні цягне толькі адзін. Бо ў двух астатніх злачынства, за якое і ў Нямеччыне, і ў Латвіі чалавек сядзе ў турму. Яны пакараныя за псаванне маёмасці. Злачынства, якое вельмі ўскосна звязанае з выказваннем палітычных поглядаў, з нязгодай з дзеяннямі прэзідэнта, прэм’ер-міністра і гэтак далей. Я вельмі спадзяюся на тое, што да нашага візіту, калі ён адбудзецца да саміта “Усходняга партнёрства”, кіраўніцтва Беларусі праявіць велікадушнасць і звычайную чалавечую міласэрнасць і проста вызваліць гэтых людзей. Бо яны, як мне падаецца, заслужылі права быць памілаванымі. Хоць я і ведаю юрыдычную праблематыку, якая звязаная з працэдурай памілавання як мінімум двух з трох зняволеных. Тым не менш я думаю, што праявіць такую міласэрнасць беларускае кіраўніцтва магло б, і гэта было б вельмі добра. Гэта вельмі моцна прасунула б адносіны Еўрасаюза і Беларусі. Бо не сакрэт, што шмат якія дэпутаты з Заходняй Еўропы — з Нямеччыны, з Вялікабрытаніі, з Каралеўства Нідэрланды — вельмі крытычна да гэтага часу глядзяць на дзяржаву Рэспубліка Беларусь. На маю думку, гэта дрэнна. Я жыву ў памежнай з Беларуссю краіне і бачу беларусаў не толькі па тэлебачанні. А большасць дэпутатаў беларусаў у жыцці не бачыла, і, магчыма, ёсць нейкія стэрэатыпы. Таму трэба часцей сустракацца, абменьвацца інфармацыяй, каб размываць гэтыя стэрэатыпы.

Але вяртаючыся да вашага пытання пра палітычных зняволеных, паўтару: я вельмі спадзяюся на міласэрнасць і велікадушнасць беларускага кіраўніцтва.

Еўрарадыё: А калі схадзіць і да Лукашэнкі, і да палітвязняў у турму?

Андрэй Мамыкін: Мяркую, такое магчыма. Канечне, усё можа змяніцца, калі падрыхтоўка візіту выйдзе на фінішную лінію, але наколькі мне вядома, ніякай забароны “ні ў якім разе не сустракацца і не размаўляць” не існуе.

Зразумела, што гэта не санаторый, не дзіцячы садок, куды кожны можа зайсці — гэта рэжымная ўстанова, як і ў Латвіі. Там ахоўнікі, там краты, там людзі адбываюць пакаранне ў турме, але ўказання “ні ў якім разе не набліжацца да турмы” няма.

Еўрарадыё: Днямі кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора сказала, што адносіны паміж ЕС і нашай краінай “наладжваюцца, але не паляпшаюцца” — як вы ацэньваеце ўзровень нашых сённяшніх узаемаадносінаў?

Андрэй Мамыкін: Еўрасаюз і Беларусь прайшлі за паўтара дзясятка гадоў вельмі складаную гісторыю ўзаемаадносінаў. Яна была поўная непаразуменняў, нейкіх фатальных і бязглуздых супадзенняў, поўная перыядаў, калі не было ўвогуле ніякіх зносінаў, дыялогу. Таму за год зрабіць усе адносіны бліскучымі палітычна, дыпламатычна немагчыма. Але, як вядома, людзей збліжае агульная справа і сумесна набыты вопыт. І чым больш будзе праектаў у межах “Усходняга партнёрства” з Беларуссю, да прыкладу, па ахове мяжы, па транспамежных тэрыторыях, чым больш будзе проста эканамічных праектаў — тым лепш будзе і Еўрасаюзу, і Беларусі.

Канечне, прарыву няма, але адносіны змяняюцца і змяняюцца ў лепшы бок. І Мінск вельмі моцна змяняецца. Я маю на ўвазе не толькі горад візуальна, хаця і гэта таксама вельмі чысты горад у параўнанні з маёй Рыгай, проста зайздрошчу беларусам, але Мінск і палітычна вельмі моцна змяняецца.

Ёсць пэўныя пытанні, якія могуць быць вырашаныя проста на “раз-два”! Ну, да прыкладу, праблема пашпартоў: бязвізавы рэжым для грамадзян — далёкая перспектыва, а для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў — рэальная. Гэта палова кроку, які яшчэ крыху зблізіць эліты Еўрасаюза і Беларусі. Ці, да прыкладу, абмен інфармацыяй у межах памежнага супрацоўніцтва. Ужо цяпер мяжа Латвіі і Беларусі лічыцца адной з самых добра ахоўваемых знешніх межаў Еўрасаюза. Гэтым ганарацца шмат якія чыноўнікі ў Еўракамісіі. Чаму б нам вопыт нашага “памежнага супрацоўніцтва” не распаўсюдзіць на іншыя галіны, дзе супадаюць інтарэсы ЕС і Беларусі? Напрыклад, наркатрафік ці абмен аператыўнай інфармацыяй паміж міліцыяй і паліцыяй нашых краін.

Еўрарадыё: Цягам апошніх некалькіх месяцаў Мінск наведала шмат еўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў — гэта “тэхнічныя візіты” ці прарыў у адносінах?

Андрэй Мамыкін: Дыпламатыя прыдуманая для таго, каб нават у сітуацыі вайны паміж краінамі людзі сустракаліся і размаўлялі. Тэхнічныя гэта сустрэчы ці не тэхнічныя — якая розніца, калі бакі пачынаюць размаўляць пасля даволі доўгага маўчання? Хай гавораць! Назавём гэтыя сустрэчы тэхнічнымі і пачнём з тэхнічнай сустрэчы. А потым будзем праводзіць палітычную, і прэзідэнт Латвіі Берзіньш і прэзідэнт Еўракамісіі Юнкер прыедуць у Мінск да Лукашэнкі. Ну добра ж!

Еўрарадыё: Ці магчыма, што, да прыкладу дзякуючы ролі афіцыйнага Мінска ў спробах урэгулявання канфлікту на Данбасе Еўрасаюз прыме рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да Беларусі, адмовіцца ад часткі патрабаванняў, якія выставіў нашай краіне?

Андрэй Мамыкін: Я не думаю, што Еўрасаюз будзе цалкам адмаўляцца ад сваіх патрабаванняў. Бо гэта тыя каштоўнасці і тыя фундаментальныя рэчы, супраць якіх, мяркую, ніхто не выказваецца і ў Беларусі. Да прыкладу, свабодныя СМІ, ці празрысты дзяржаўны асяродак кіравання, ці адсутнасць карупцыі, ці развіццё бізнес-асяродку па зразумелых правілах гульні. Такія рэчы, як свабода слова і адсутнасць карупцыі — гэта на самай справе фундаментальныя каштоўнасці Еўрасаюза. Яны добрыя і правільныя, але пытанне ў тым, як, якімі тэмпамі і па якой мадэлі беларускае грамадства сёння гатовае гэтыя каштоўнасці прымаць? І ці ўсе каштоўнасці яно хоча прымаць? У якой форме і ў якой паслядоўнасці?

Магчыма, Еўрасаюз не заўжды мог за дрэвамі ўбачыць лес. Чапляліся да дзіўных фраз спадара Лукашэнкі, да не зусім зразумелых яго рашэнняў, да не зусім зразумелых яго палітычных сігналаў. Пры гэтым выходзіла з поля зроку, які вялікі палітычны патэнцыял на міжнароднай арэне стаіць за прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. І цяпер ён гэты патэнцыял выкарыстаў на карысць міру ва Украіне — гэта вельмі добра. І ўсе ўспомнілі, што Лукашэнка — моцны глабальны гулец. Як ні ставіцца да асобных яго незразумелых у вачах Еўрасаюза рашэнняў — ён моцны глабальны гулец. Ён прадставіў пляцоўку, ён пасадзіў за адзін стол бакі і людзей, якія да гэтага ў прынцыпе паміж сабой не размаўлялі, ён стварыў усе ўмовы. Ён сапраўды забяспечыў галоўнае на такіх перамовах — атмасферу. Каб суразмоўцы сустракаліся і разумелі, што колькі б часу яны ні правялі ў Мінску, ім увесь гэты час будзе добра і ўтульна, не будзе правакацый, не будзе несумленных, двайных гульняў. Лукашэнка забяспечыў гэтую зразумеласць у атмасферы перамоў. Гэта дорага каштуе, бо не ўсе лідары дэмакратычных краін могуць гэта гарантаваць, а Лукашэнка гарантаваў. За гэта яму вялікі плюс у карму. У Еўрасаюза не так ужо шмат рычагоў, каб патушыць канфлікт ва Украіне. А Лукашэнка — гэта адназначна адзін з рычагоў Еўрасаюза ў справе навядзення міру ва Украіне.

Еўрарадыё: То, можа, у ЕС падыходзяць да думкі, каб зняць санкцыі з Лукашэнкі, зрабіць яго ўязным у краіны Еўрасаюза, запрасіць на саміт у Рыгу?

Андрэй Мамыкін: Я ведаю, што такое жаданне ёсць асабіста ў Аляксандра Рыгоравіча. Асабіста я даўно працую на тое, каб гэта адбылося. Бо сітуацыя абсурдная. Цяпер дрэнная краіна №1 для Еўрасаюза — гэта Расія. Але пры гэтым Уладзімір Пуцін як чалавек не знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС. А прэзідэнт Лукашэнка, які атрымаў так шмат выдатных водгукаў, знаходзіцца ў чорным санкцыйным спісе. Я не заклікаю ўнесці Пуціна ў спіс — я заклікаю выкрасліць з яго Лукашэнку і шэраг іншых буйных чыноўнікаў, якія сапраўды зацікаўленыя і могуць весці пазітыўны дыялог з Еўрасаюзам. Але яны фізічна не могуць прыехаць ні ў Брусель, ні ў Рыгу, ні ў Лондан, ні ў Парыж. Дзе мы будзем сустракацца — на тэрыторыі Афрыкі, у Японіі, на якіх нейтральных тэрыторыях Беларусь і Еўропа будуць гаварыць?

Я стараюся зрабіць усё, каб гэты санкцыйны спіс калі не знік, то быў бы вельмі моцна скарочаны. І найперш каб кіраўнік беларускай дзяржавы не знаходзіўся ў гэтым чорным спісе персон нон-грата.

Еўрарадыё: Знаходжанне ў “чорным спісе персон нон-грата” не перашкодзіла Лукашэнку ў 2009 годзе наведаць Літву па запрашэнні Далі Грыбаўскайтэ…

Андрэй Мамыкін: Сапраўды, ёсць такія асобныя дыпламатычныя хады, калі краіна, насуперак гэтаму спісу, бярэ на сябе абавязанні і поўную адказнасць… Але мне зараз цяжка нешта казаць, бо рыжскі саміт робяць урад і МЗС Латвіі. Я не міністр і нават не самы малодшы яго памочнік. Але я ўпэўнены, што калі да канца сакавіка будзе вырашанае пытанне з палітычнымі зняволенымі, нішто не перашкодзіць прэзідэнту Лукашэнку прыехаць у Рыгу, афіцыйна выступаць і браць удзел ва ўсіх палітычных сустрэчах і панэльных дыскусіях. 

Фота: www.freecity.lv  www.levluzin.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі