Еўрадэпутаты патрабуюць прыпыніць удзел Венгрыі ў Шэнгенскай зоне
Сцягі Еўрасаюза, ілюстрацыйнае фота
Прыпыніць удзел Венгрыі ў Шэнгенскай зоне заклікаюць дэпутаты Еўрапарламента. Прычынай называецца змякчэнне візавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расіі, перадае Польскае радыё.
Адпаведны зварот падпісалі 70 членаў Еўрапарламенту. Яго ініцыятарамі сталі Данушы Нярудава з Чэхіі і Пятрас Аўштравічус з Літвы.
"Мы заклікаем Еўрапейскую камісію прыняць неадкладныя меры па расследаванні рашэння Венгрыі, бо яно можа стаць лазейкай і патэнцыйна паставіць пад пагрозу агульнае функцыянаванне Шэнгенскай зоны ды яе ролю як бяспечнай прасторы для грамадзян", — гаворыцца ў звароце.
Калі афіцыйны Будапешт адмовіцца мяняць сваю палітыку, еўрадэпутаты заклікаюць "паставіць пад пытанне венгерскую прысутнасць у Шэнгенскай зоне". Таксама яны кажуць, што іншыя дзяржавы ЕС могуць не прызнаваць венгерскія візы і ўвесці кантроль на межах.
Як распавядала Еўрарадыё, Венгрыя дазволіла грамадзянам Беларусі і Расіі карыстацца такім відам ВНЖ, як "нацыянальная карта". Гэтая праграма дазваляе спрошчаныя ўмовы ўезду і перабывання ў Венгрыі, а таксама яе ўладальнікі могуць ўладкоўвацца на працу.
Афіцыйная Вільня заявіла, што рашэнне Венгрыі пагражае бяспецы ўсяго ЕС, таму яна абскардзіць яго ў Еўракамісіі. У самой Еўракамісіі запатрабавалі тлумачэнняў ад Будапешта.
Тым часам міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта назваў усе гэтыя абвінавачанні "дзіцячай хлуснёй". Паводле яго, Венгрыя карыстаецца тымі правамі, якія ёй дазваляюць агульнаеўрапейскія правілы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.