Еўракамісія лічыць паток мігрантаў у Літву актам агрэсіі з боку Беларусі
Паток мігрантаў у Літву Еўракамісія называе актам агрэсіі з боку Беларусі. Пра такую заяву еўракамісара па ўнутраных справах Ілвы Ёхансан паведамляе DW. Раней літоўскія ўлады гаварылі пра "гібрыдную агрэсію" з боку афіцыйнага Мінска.
У Еўрасаюзе адказным за міграцыйны крызіс называюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі ЕС падкрэсліваюць, што спярша беларускія ўлады запусцілі дадатковыя авіярэйсы з Ірака ў Мінск, а потым дазволілі мігрантам пераходзіць мяжу без дакументаў.
Па словах Ёхансан, сітуацыя з нелегальнымі мігрантамі ў Літве пагаршаецца нягледзячы на дапамогу ЕС. Еўракамісар паабяцала афіцыйнай Вільні дадатковую фінансавую падтрымку.
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ пералічыла патрэбы краіны: больш афіцэраў для патрулявання мяжы і апрацоўкі просьбаў аб прадастаўленні прытулку, а таксама перакладчыкі.
Паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву працягвае расці і ўжо дасягнуў амаль 4000 чалавек. Як распавядала Еўрарадыё, за апошнія суткі мяжу перайшлі 289 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.