Еўракамісія ўжо ў чэрвені можа пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС — FT
Будынак Еўракамісіі
Еўрапейская камісія мае намер ужо сёння выступіць з прапановай аб пачатку перамоваў па ўступленні Украіны і Малдовы ў ЕС. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы піша газета Financial Times. У Еўракамісіі хочуць паспяшацца, каб паспець да пераходу старшынства ў ЕС да Вугоршчыны, патлумачылі крыніцы. Нагадаем, Будапешт спрабуе тармазіць вылучэнне дапамогі Украіне.
Па дадзеных FT, сёння Еўракамісія абвесціць, што "Украіна ўжо адпавядае крытэрыям у частцы антыкарупцыйных мер, абмежаванняў на палітычнае лобі, правілаў дэкларавання маёмасці чыноўнікаў і абароны моў нацыянальных меншасцяў, якія заставаліся нявыкананымі". І ўжо ў чэрвені еўрачыноўнікі плануюць пачаць фармальныя перамовы з Кіевам і Кішынёвам, "каб падаць абодвум краінам пазітыўны сігнал адносна іх надзей на ўступленне ў ЕС".
Нагадаем, Украіна падала афіцыйную заяўку на ўступленне ў ЕС адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе, а ў пачатку лета яна, а заадно і Малдова атрымалі ад ЕС афіцыйны статус краін-кандыдатаў на прыём у Еўрасаюз. ВВС адзначае, што пачатак перамоваў аб уступленні не азначае ні хуткага прыёму ў ЕС, ні нават гарантаванага прыёму. Ход і працягласць перамоваў залежаць ходу рэформаў у краіне-кандыдатцы і ад палітычнай волі краін Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.