З чатырох асноўных пунктаў сельскай гаспадаркі (збожжа, бульба, гародніна і ягады) фермеры перавышаюць па ўраджайнасці сельгасы ў трох з іх.
Напрыклад, ураджайнасць бульбы ў фермераў на 12 цэнтнераў з гектара больш, чым у сельгасаў.
А ураджайнасць гародніны больш на 89 цэнтнераў з гектара.
Ягад і пладоў фермеры збіраюць на 69 цэнтнераў з гектара больш, чым сельгасы.
І толькі ўраджайнасць збожжа на 2,5 цэнтнера ў сельгасаў больш, чым у фермераў.
У жывёлагадоўлі застаецца амаль што дзяржаўная манаполія.
Калі ж казаць пра фінансавыя паказчыкі, то працэнт стратных арганізацый сярод сельгасаў складае 27,9%, а сярод фермерскіх ― 9,4%.
З рэнтабельнасцю рэалізаванай прадукцыі і паслуг таксама не ўсё добра: у сельгасах — 2,5%, у фермераў — 28,9%.
Цікавы момант, што фермераў цяпер амаль што ўдвая больш, чым сельгасаў ― 2578 фермерскіх гаспадарак супраць 1509 сельскагаспадарчых арганізацый, але трэба разумець, што часцей за ўсё на фермах працуе не больш трох чалавек.
У 2016 годзе пачалася праца па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Улады распрацавалі праект указа, які ўдасканальвае парадак спісання запазычанасці сельгасам па плацяжах у бюджэт і крэдытных дагаворах. У тым ліку банкам прадастаўляецца права прыняцця рашэння аб спісанні (у поўным і частковым аб'ёме) запазычанасці прадпрыемстваў па крэдытах.