Фота з сустрэчы міліцыянера і школьніка, якога ён закрыў ад удару аўтамабіля
Прапаршчык міліцыі, супрацоўнік аддзела дэпартамента аховы ў Віцебску Сяргей Баталка, дзякуючы свайму смеламу ўчынку, стаў вядомы ўсёй краіне. Як паведамляла Еўрарадыё, 2 сакавіка ён пераходзіў вуліцу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе, перад ім ішоў школьнік. Баталка пабачыў, што па трамвайных пуцях рухаецца аўтамабіль, які не спыняе хуткасць. Міліцыянер зрэагаваў імгненна, прыкрыў сабой хлопчыка ад удару.
Вучань 6-га класа Мікіта Працюк не пацярпеў, у Сяргея Баталкі сур'ёзных траўмаў не было. БЕЛТА змясціла фотарэпартаж іх сустрэчы ўжо пасля таго здарэння. Яны прыйшлі на тое ж месца на вуліцы Будзёнага і "рэканструявалі" падзеі. Па словах міліцыянера, хлопчык вяртаўся дахаты са школы, а ён пасля працы ішоў здаваць зброю ў аддзел. Машыну своечасова заўважыў. Падзенне пасля ўдару змякчылі снег і зімовая вопратка. Пасля здарэння Баталка атрымаў 2 выхадныя дні.
Адзначым, што 59-гадовы вадзіцель, які здзейсніў наезд, быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, яго пазбавілі правоў кіроўцы. Відэа здарэння за два дні набрала на YouTube амаль паўмільёна праглядаў.