ФСБ Расіі пацвердзіла, што затрымала ўкраінца Паўла Грыба

ФСБ Расіі пацвердзіла, што затрымала ўкраінца Паўла Грыба

ФСБ Расіі пацвердзіла, што затрымала 19-гадовага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба. 7 верасня ўкраінскае Генеральнае консульства ў Растове-на-Доне атрымала афіцыйнае паведамленне Упраўлення ФСБ па Краснадарскім краі. Ім пацвярджаецца ранейшая неафіцыйная інфармацыя, што Грыб знаходзіцца ў СІЗА ў Краснадары. Расіяне таксама праінфармавалі ўкраінскіх дыпламатаў, што хлопца затрымалі па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства (тэракту), інфармуе УНІАН.

Афіцыйны прадстаўнік Дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч паведаміў, што ўкраінская амбасада звернецца з афіцыйнай нотай у МЗС Расіі ды запатрабуе неадкладна забяспечыць доступ украінскіх консулаў да затрыманага ўкраінца. Таксама ўкраінскі бок будзе патрабаваць інфармацыі пра прычыны і абставіны затрымання Грыба, пра ўмовы яго ўтрымання, пра забеспячэнне яго права на адваката і неабходнымі медыкаментамі.

Дзе адбылося затрыманне, ФСБ пакуль не ўдакладняе. Як вядома, хлопец 28 жніўня прыехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі і знік. Яго бацька, афіцэр-памежнік запасу, чалец грамадскага савета Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Ігар Грыб звярнуўся ў СМІ, заявіў, што сына захапілі расійскія спецслужбы. КДБ Беларусі аднак адзначыў, што ў нашай краіне могуць працаваць толькі беларускія спецслужбы. Тым не менш, у СМІ трапіла інфармацыя пра групу ФСБ Расіі, якая, нібыта, працуе ў Беларусі на пастаяннай аснове.

Беларускі бок трапіў у няёмкую сітуацыю. Многае будзе залежыць ад таго, якую версію затрымання Паўла Грыба агучыць ФСБ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі