Футбаліст "Нёмана" працягвае "прафілактычна" выбачацца
Ягор Зубовіч
35-гадовы футбаліст "Нёмана" Ягор Зубовіч працягвае выбачацца. У адным з нядаўніх матчаў ён пашкодзіў нагой банер, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нацыстаў — быў раззлаваны заменай. Неўзабаве Зубовіч раскаяўся ў сваім учынку, у запісаным відэа папрасіў прабачэння і паабяцаў аднавіць банер.
"Не хацеў апаганіць памяць воінаў-вызваліцеляў, — гаварыў Ягор Зубовіч. — Для мяне і маёй сям'і Дзень Перамогі і Дзень незалежнасці, гэта значыць вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адны з галоўных святаў. У мяне прабабуля і прадзядуля ваявалі".
Але гэтага аказалася замала. Футбаліст прывёз кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску і апублікаваў відэа пра гэта. "Зубовіч. Пакаянне. Частка трэцяя, цырыманіяльная", — каментуе яго "Трыбуна". І задаецца пытаннем, ці гэта апошняе выбачэнне Ягора Зубовіча за зламаны банер ці будзе нешта яшчэ?
Пры гэтым няма інфармацыі, што гульца з-за інцыдэнта з банерам выклікалі ў гродзенскія сілавыя структуры. Імаверна, відэаролікі ён запісаў "прафілактычна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.