Галандцу пагражае турма за дапамогу сястры, што ехала з Беларусі — #ІхНоравы
Кароткі агляд міжнародных навінаў за 3 чэрвеня 2024 года.
Мексіканскія мачо цяпер будуць падпарадкоўвацца жанчыне — і магчыма, з гэтага атрымаецца нешта добрае. Так, ва ўсякім разе, спадзяюцца аналітыкі, гледзячы на вынік тамтэйшых прэзідэнцкіх выбараў.
Тым часам выданне The Guardian дадало колераў да абязлічаных навін пра натоўпы мігрантаў, што штурмуюць мяжу Беларусі з краінамі ЕС. Цяпер мы ведаем гісторыю прынамсі адной жанчыны, якая балотамі прабралася ў Латвію.
А ў Індыі няма выратавання ад спёкі. І лета толькі пачалося… Пра гэта чытайце ў нашым аглядзе міжнародных навін.
Мексіка адкрывае новую эпоху — упершыню прэзідэнткай стане жанчына
На прэзідэнцкіх выбарах у Мексіцы перамагла Клаўдыя Шэйнбаўм. Канчатковыя вынікі аб’явяць пазней, але пра яе перамогу кажуць так, быццам яна ўжо адбылася. Паводле экзіт-полаў, кандыдатка набрала мініум 58% галасоў.
Шэйнбаўм — былая мэр Мехіка. Яна ішла на выбары ад урадавай кааліцыі. Найбліжэйшую яе канкурэнтку ад апазіцыі Сачытль Галвес падтрымала ўдвая менш людзей.
Пра Шэйнбаўм вядома, што яна карыстаецца падтрымкай беднага насельніцтва Мексікі. Таксама яе падтрымаў папярэдні прэзідэнт, 70-гадовы Андрэс Мануэль Лопес Абрадор. Сам ён не вылучаўся, бо Мексіка не дазваляе пераабранне.
“Мы ўяўляем сабе плюралістычную, разнастайную і дэмакратычную Мексіку. Наш абавязак ёсць і заўсёды будзе клапаціцца пра кожнага мексіканца без якіх-небудзь адрозненняў”, — абяцае Клаўдзія Шэйнбаўм.
Аналітыкі кажуць, што яе лідарства можа сведчыць пра гатовасць мексіканцаў да перамен. Абранне жанчыны на пост прэзідэнткі ў такой кансерватыўнай мачо-культуры, дзе пануюць і прасоўваюцца традыцыйныя каштоўнасці, укаранёныя каталіцкай царквой, — гэта ўжо само па сабе прарыў. Да таго ж, Шэйнбаўм, як можна здагадацца па прозвішчы — яўрэйка, і стане першай прэзідэнткай ад гэтай нацыянальнай меншасці ў Мексіцы.
Галандцам пагражае турма за дапамогу сястры, што ехала з Беларусі
Гісторыю пары грамадзянаў Нідэрландаў, якая пераплялася з Суданам, Беларуссю і Латвіяй, расказала The Guardian.
Суда за парушэнне законаў Латвіі аб міграцыі чакаюць грамадзяне Нідэрландаў: 24-гадовы акцёр Абдулаал Хусэйн і 30-гадовая Марціна Дапэн, кліматычная актывістка. А справа ў тым, што яны дапамагалі мігрантам, што нелегальна перайшлі мяжу з ЕС з боку Беларусі ў Латвію.
Хусэйн паходзіць з Судану. Там заставалася яго малодшая сястра Маброка. Увесну мінулага года яна трапіла ў дакументалку пра барацьбу з тамтэйшым рэжымам і вымушаная была ўцякаць. Спачатку дабралася да Егіпта, а потым заплаціла пасярэднікам, каб ёй дапамаглі патрапіць у ЕС праз Расію і Беларусь.
Мяжу яна пераходзіла ў складзе групы з яшчэ чатырох суданцаў. У Латвіі перавозчыкі пакінулі мігрантаў у закінутым фермерскім доме без ежы, вады і ацяплення. Маброка звязалася з братам і папрасіла аб дапамозе.
Хусэйн і Дапэн прыехалі ў Латвію, сястру і яшчэ двух жанчын на сваёй машыне адвезлі ў дом знаёмай. Але потым у іх штосьці ёкнула: трэба ж забраць і астатніх, раптам латышскія памежнікі іх знойдуць і адправяць назад у Беларусь. Так пара з Нідэрландаў і зрабіла.
Але на зваротным шляху іх спынілі і затрымалі па падазрэнні ў кантрабандзе людзей. Адвакат Хусэйна сказаў, што закон суворы, але такі закон: дапамагаць людзям ежай, вопраткай і гэтак далей — не забаронена, але перавозіць або сяліць у сябе мігрантаў — гэта ўжо спрыянне незаконнай міграцыі і цяжкае злачынства.
Хусэйна і Дапэн адпусцілі пад залог.
“Я растлумачыла паліцыянтам, што гэтыя людзі ў небяспецы, яны былі без ежы пяць дзён. Але ім было ўсё адно, яны пакінулі іх у паліцэйскім пастарунку на ўсю ноч", — расказвае Дапэн.
Дарэчы, Хусэйн сцвярджае, што падчас арышту сустрэў кубінца з Германіі з падобнай гісторыяй: ён прыехаў сустрэць жонку, якая нелегальна перабралася з Беларусі ў Латвію.
У Індыі паміраюць ад спёкі
Сама меней 211 чалавек памерла ад анамальнай спёкі за апошнія трое сутак у Індыі. Людзі атрымліваюць цеплавыя ўдары. Надзвычайна небяспечны стан правакуе экстрэмальна высокая тэмпература паветра — больш за 50 градусаў.
Індыйскі метэаралагічны дэпартамент абяцае, што хутка надвор’е палепшыцца — у бліжэйшыя дні павінны прыйсці мусоны. Пакуль жа людзі ратуюцца кандыцыянерамі, вентылятарамі і халоднай вадой. Што стварае надзвычайную нагрузку на сістэмы водазабяспачэння і электрасеткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.