Гарсэт ад скаліёзу дзецям у Беларусі даводзіцца чакаць месяцамі. Чаму так?
Калі выстаяў чаргу ў 300 чалавек
— У дачкі-падлетка выявілі скаліёз, — піша ў рэдакцыю Еўрарадыё мінчанка Марына (імя змененае). — Доктар папярэдзіў, што прыйдзецца насіць гарсэт Шэно і ў чарзе на яго можна прастаяць паўгода. Чаму так доўга? Мы з мужам баімся, што за гэты час стан дзіцяці пагоршыцца!
Па словах нашай чытачкі, скаліёз — у многіх аднакласніц дзяўчынкі. Ці можна казаць, што дэфармацыя пазваночніка ў дзяцей і падлеткаў ператвараецца ў небяспечную тэндэнцыю? Як развіваецца хвароба і што наконт прафілактыкі і лячэння?
Пра ўсё гэта мы пагаварылі з траўматолагам-артапедам Рустамам Айзатуліным.
Таксама мы патэлефанавалі ва ўсе абласныя арганізацыі, дзе можна замовіць гарсэт і спыталі, што там з чэргамі. Даведаліся, ці можна зрабіць гарсэт дзе-небудзь адразу, хай нават за грошы. І высветлілі, чаму на гэтым рынку няма прыватніка, які дапамог бы вырашыць праблему.
Скаліёз быў заўсёды, праблема — са спецыялістамі
— Аналізуючы беларускую, расійскую і еўрапейскую статыстыку, я б не сказаў, што праблема скаліёзу па артапедычных або якіх-небудзь іншых паказчыках пачынае вырывацца наперад, — кажа лекар. — Але вось сітуацыю з аказаннем першаснай прафілактычнай дапамогі ў Беларусі сёння нельга назваць нармальнай. Каб запісацца ў паліклініцы на масаж або якія-небудзь іншыя працэдуры, якія маглі б падтрымаць дзіця, пакуль яно чакае гарсэт, часцяком даводзіцца таксама стаяць у велізарных чэргах.
Таму многія людзі вымушаныя шукаць прыватныя медцэнтры, і не ва ўсіх на гэта ёсць грошы.
У дадатак у беларускіх паліклініках не хапае артапедаў. На раёнах сітуацыя проста засмучае. Пакуль я не з'ехаў у 2021 годзе, да мяне прыязджалі пацыенты з розных абласцей краіны. Ім даводзілася здымаць кватэры на тыдзень, каб прайсці спецыялістаў, якіх не было на раёне.
Па словах суразмоўцы, сёння асноўная прычына скаліёзу — гэта гіпадынамія цяперашняга пакалення ў выніку сядзення за кампутарамі, тэлефонамі і прыстаўкамі (парушэнне функцый апорна-рухальнага апарата пры абмежаванні рухальнай актыўнасці).
Прафілактыка скаліёзу вельмі важная
Як правіла, скаліёз пачынае развівацца з парушэння паставы, таму вельмі важна своечасова заняцца прафілактыкай.
— Рабіць гэта трэба не з самага малога ўзросту, а пасля 4-5 гадоў, калі ў дзяцей пачынаюць фармавацца стэрэатыпы хады, сядзення і пазіцыянавання свайго цела ў прасторы, — раіць Рустам Айзатулін. — У гэтым узросце, у дзіцяці ўжо наладжваецца кантакт з дарослымі і ён можа слухаць, канцэнтравацца і выконваць неабходныя практыкаванні. Дзеці да 4-5 гадоў могуць актыўна канцэнтравацца каля 10 хвілін, а далей ім хочацца займацца нейкімі іншымі справамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.