"Гэта ты Бандэру карміў!" Беларуса-валанцёра збілі ў лагеры для ўцекачоў

Паліцыя завяла справу. Але Стас Цыбінскі дагэтуль не ведае, кім былі тыя, хто напаў на яго / фота праекта August 2020
Паліцыя завяла справу. Але Стас Цыбінскі дагэтуль не ведае, кім былі тыя, хто напаў на яго / фота праекта August 2020

Беларускага актывіста Станіслава Цыбінскага збілі ў лагеры для ўцекачоў у нямецкім горадзе Ансбаху. Стас патэлефанаваў нам з лякарні і расказаў, што падставай для канфлікту стала яго даўняе інтэрв'ю Еўрарадыё.

 

"У цябе твар знаёмы. Дзе я цябе бачыў?"

Станіслаў Цыбінскі з'ехаў з Украіны ў канцы лютага гэтага года. З тых часоў ён спрабуе легалізавацца ў Еўропе і даказаць нямецкім чыноўнікам, што мае права на статус палітычнага ўцекача.

За гэтыя паўгода Стас жыў у некалькіх лагерах для ўцекачоў. У кожным з іх спрабаваў наладзіць адносіны з суседзямі па пакоі. Новым знаёмым звычайна расказваў, што ў Беларусі дапамагаў былым зняволеным вяртацца да нармальнага жыцця. Што ў Кіеве ў першыя дні вайны гатаваў абеды для вайскоўцаў на блокпастах. Звычайна чуў у адказ — "Малайчына! Пойдзем пакурым".

Але ў лагеры ў Ансбаху, куды Стаса перавялі днямі, трывіяльны расказ пра сябе скончыўся збіццём. Калі Цыбінскі зайшоў у свой новы часовы дом, у пакоі ўжо было трое суседзяў.

“Это ты Бандеру кормил!” Белоруса-волонтёра избили в лагере для беженцев
Станіслаў Цыбінскі / August 2020

— Адзін мне і кажа: нешта ў цябе твар знаёмы. Недзе я цябе бачыў. Я расказаў яму пра сябе. Расказаў, што беларус, што хадзіў на мірныя пратэсты, што з'ехаў у Расію, а калі там мною зацікавілася ФСБ, пераехаў у Кіеў.

Тады незнаёмцы спыталі, дзе Стас працаваў у Кіеве. Цыбінскі пераказаў гісторыю, пра якую паўгода таму пісала Еўрарадыё: беларус некалькі дзён гатаваў абеды для вайскоўцаў на блокпастах.

— Яны кажуць: "А, дык гэта пра цябе пісалі! Гэта ты Бандэру карміў!" Я нават не адразу зразумеў, пра што гаворка. Кажу: "Карміў вайскоўцаў, яны стаялі на блокпастах, мне іх было проста шкада. Яны ж там стаялі на холадзе, на марозе".

І толькі я гэта сказаў, як гэты чалавек пачаў крычаць на мяне апошнімі словамі. І тут ён падбягае да мяне і дае ў вока. А за ім — другі. Ён валіць мяне на падлогу і пачынае мясіць нагамі.

Я мог даць адпор. Але разумеў: калі палезу ў бойку, будуць праблемы з законам. Вырашыў, што трэба проста згрупавацца і трымаць абарону, прыкрываць галаву, каб атрымаць менш траўмаў. І пачаў апантана крычаць, прасіць дапамогі.

Стас кажа, што ўсё доўжылася каля сямі хвілін. А потым у пакой убеглі ахоўнікі і адцягнулі ад яго нападнікаў.

— Потым я страціў прытомнасць. Ачуваюся — а нада мной паліцыя. Свецяць мне ліхтарыкам у вочы.

Стас падпісаў заяву на завядзенне крымінальнай справы за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Справу завялі — яе накіруюць у Вярхоўны суд.

 

"Яны па-ранейшаму будуць жыць са мной на адным паверсе"

Кім былі людзі, якія напалі на яго, Стас дагэтуль не ведае. Адразу пасля таго, як ён выпісаўся з лякарні, звярнуўся ў паліцыю. Там сказалі, што ўсе падрабязнасці ён зможа высветліць толькі праз адваката — яго для Стаса знайшла арганізацыя беларусаў у Германіі Razam.

Днямі Стаса выпісалі з лякарні. За гэтыя дні яму правялі тры працэдуры МРТ. Прапісалі некалькі медпрэпаратаў — купляць іх давядзецца за свой кошт. Паколькі Цыбінскаму адмовілі ў статусе ўцекача, медстрахоўкі, якая пакрыла б лекі, у яго няма. Грошай — таксама.

“Это ты Бандеру кормил!” Белоруса-волонтёра избили в лагере для беженцев
Гэтае сэлфі Стас даслаў нам пасля выпіскі. Яго часова пасяліла ў сябе сям'я з Беларусі / Еўрарадыё

Пасля выпіскі Стас павінен быў вярнуцца ў лагер для ўцекачоў, але правёў ноч у неабыякавых да яго лёсу беларусаў. Таму што тыя людзі, што напалі на яго, усё яшчэ жывуць у тым самым лагеры.

— Наколькі я ведаю, крымінальную справу супраць іх пачалі, але адпусцілі гэтых людзей пад хатні арышт. А гэта значыць, што яны па-ранейшаму будуць жыць у гэтым лагеры на адным паверсе са мной.

На тыдзень Стаса запрасіла пажыць да сябе беларуская сям'я, а тым часам валанцёры паспрабуюць вырашыць пытанне з яго пераездам у іншы лагер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі