Гібель Прыгожына мала што мяняе ў пытаннях бяспекі Літвы — Наўседа

Гітанас Наўседа / Delfi

Гітанас Наўседа / Delfi

Гібель лідара ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына мала што мяняе ў пытаннях бяспекі Літвы. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа, перадае Delfi.

Па яго словах, адной з мэтаў наёмніцкіх груповак застаецца дэстабілізацыя сітуацыі ў рэгіёне, і смерць Прыгожына мала на што ўплывае ў гэтым сэнсе. "Гэта дэманструе, што рэжым перайшоў у новую стадыю і гэтыя людзі, як іх назваць, ужо знішчаюць адзін аднаго. Мы, вядома, не павінны думаць, што смерць Прыгожына дазваляе нам адчуваць сябе спакайней, што яна нейкім чынам паляпшае сітуацыю з бяспекай", — адзначыў Наўседа падчас свайго візіту ва Украіну.

Галоўнай мэтай Літвы на цяперашні момант Наўседа назваў абарону межаў. "Без сумневу, мы павінны быць гатовыя абараняць нашу бяспеку разам з нашымі вернымі партнёрамі", — дадаў ён.

Як распавядала Еўрарадыё, пагрозай для суседзяў Беларусі назваў вагнераўцаў і прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Прыватны бізнес-джэт Яўгена Прыгожына разбіўся ўвечары 23 жніўня ў Цвярской вобласці Расіі. Паведамляецца, што пры гэтым загінулі заснавальнік ПВК "Вагнер" Прыгожын і камандзір вагнераўцаў Дзмітрый Уткін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі