Гідраметэацэнтр: Прагноз надвор’я спраўджваецца на 95%
“А калі сіноптык праспаў, а нейкі цыклон прыйшоў, тады да адміністрацыйных мер”.
Гідраметэацэнтр з дакладнасцю ў хвіліны прадказвае ўраган Хаўер, а вось аранжавы ўзровень цыклону Крыстафер беларусы амаль не адчуваюць. У аўторак увогуле павінны ліць дажджы! Не, не бачылі!
“Дык толькі дзень пачаўся. Што такое кароткачасовы дождж? Гэта дождж, які ідзе да трох гадзінаў”, — кажа галоўны сіноптык Беларусі Дзмітрый Рабаў. Начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра запэўнівае мяне, што іх прагнозы адны з самых дакладных, нават у параўнаннем з Еўропай.
“Чым большы тэрмін прагнозу, тым менш ён спраўджваецца. Зараз прагноз на суткі апраўдваецца прыкладна на 95%, на трое сутак — на 90-92%, на тыдзень дакладнасць прагнозу складае 85-87%, а вось на месяц спраўджваецца толькі на 70-75%”, — кажа Дзмітрый Рабаў. І дадае, што лепей за ўсё ўдаюцца прагнозы тэмпературы, меней — ападкі. Даволі складана дакладна спрагназаваць надвор’е ўлетку і ўвесну, бо пачынаюцца навальніцы.
На геаграфічным факультэце БДУ таксама турбуюцца прагнозам надвор’я. Дацэнт і кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандр Красоўскі бачыць дзве прычыны недакладнасці прагнозаў:
“Недахоп спецыялістаў — іх проста трагічна не хапае, а таксама недахоп спецыяльнай апаратуры, лакатараў. У Амерыцы ці Брытаніі такое абсталяванне дае магчымасць спрагназаваць прагноз з дакладнасцю да хвілін!”.
Дзмітрый Рабаў з такімі высновамі не зусім згодны.
“БДУ не рыхтуе прагнозаў, у нас на базе Рэспубліканскага гідраметэацэнтра ёсць філіял, дзе можна студэнтам прайсці стажыроўку. І на сённяшні дзень штат поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі, у тым ліку і моладдзю. Наконт апаратуры таксама не пагаджуся. У нас ёсць лакатары, спадарожнікі і гэтак далей. Прадказаць на 100% надвор’е немагчыма, бо пастаянна ўзнікаюць цыклоны-антыцыклоны. Да таго ж, прадказанне надвор’я цалкам залежыць ад узроўню развіцця навукі…”, — заўважае галоўны сіноптык краіны.
Як даведалася Еўрарадыё, за недакладны прагноз сіноптыкам даюць па шапцы.
“Збіраецца савет, дзе сіноптык даказвае, на падставе якіх дадзеных ён зрабіў такі прагноз. А вось калі, груба кажучы, сіноптык праспаў, а нейкі цыклон прыйшоў, тады да адміністрацыйных мер”.
З 15 чалавек, якіх Еўрарадыё спытала на вуліцы, толькі двое давяраюць прагнозам Гідраметэацэнтру:
“Ужо некалькі гадоў не спраўджваецца прагноз. Раней сказалі: сёння дождж — і дождж ёсць! Зараз такога няма!”.
У адрозненне ад звычайных людзей, МНС прагнозу надвор’я верыць безагаворачна:
“Яны папярэджваюць нас аб нейкіх глабальных катаклізмах, штармавых папярэджаннях. Гэта перадаецца па ўсіх падраздзяленнях. Таму мы заўсёды гатовыя да прыродных катаклізмаў”, — адзначае прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.
Еўрарадыё: І ніколі не падводзіў прагноз надвор’я?!
МНС: Як ён можа падвесці? Гэта дзяржаўны орган, у якога ёсць свае мэты і задачы, які гэтыя мэты і задачы выконвае!”.