Гледачы: Re:Public — гэта слэм, адрыў і “Дай Дарогу!”
Сталічны рок-клуб адсвяткаваў двухгоддзе аншлагам, падарункамі ды феерверкам. "І гэта толькі пачатак", — абяцаюць уладальнікі.
На падыходзе да клуба становіцца зразумела: усіх жадаючых у гэты вечар галоўная рок-пляцоўка Мінску не змесціць. Чарга на ўваход выгінаецца змейкай і пачынаецца яшчэ ад вугла будынка, дзе месціцца клуб. Дый у тых, каму ўжо пашчасціла апынуцца ўнутры, амаль няма шанцаў хуценька выбрацца на вуліцу пакурыць — гледачы на пульсуючым танцпляцы пачынаюць слэміцца пад першыя ж гукі гурта Infracoraline, што адкрывае канцэрт.
“Спадзяемся, нам хопіць квіткоў і мы трапім на святочны канцэрт, — кажуць ў чарзе па квіткі. Падыходзім бліжэй. — Мы тут толькі на рок-канцэртах бываем, хоць, натуральна, ведаем, што ў Re:Public розныя гурты выступаюць і розныя музычныя кірункі існуюць”.
"Мутнаевока"
Ужо праз гадзіну ад пачатку канцэрта продаж квіткоў прыпыняюць — у зале 1000 гледачоў! Свята ў разгары: музыкі адзін за адным віншуюць дырэктара клуба Андрэя Старцава, госці вечара таксама нясуць падарункі — на стойцы бара красуецца прыгожая хэндмэйд-паштоўка ад гурта “Мутнаевока”, 10-літровік гарэлкі ад кампаніі “Бульбаш” і намаляваная лідарам “Дай Дарогу!” Юрам Стыльскім карціна. На сцэне — Yellow Brick Road.
Юра Стыльскі віншуе Re:Public
Yellow Brick Road
У грымёрцы натыкаемся на былога арт-дырэктара клуба Макса Старцава. Ён прызнаецца, што прыйшоў… развітацца. Зараз у яго новы праект — бар “Хулиган”:
“Для мяне Re:Public — дзіця. Я сёння заехаў сюды літаральна на 15 хвілін — выпіць, развітацца і скокнуць са сцэны пад “Дай Дарогу!”. Зараз мы зробім гэта разам з Янам Максімовічам!”
Хлопцы вырашаюць не чакаць песню “Прыгай в коляску” (улюбёная кампазіцыя фанаў ДД! для стэйдждайвінгу) і рушаць на сцэну. Узор былога арт-дырэктара клуба (Макс Старцаў) і дзейнага (Ян Максімовіч) натхняе на стэйдждайвінг і моладзь у натоўпе: да канца вечара струмень жадаючых скокнуць не спыніць.
Адзіны, хто застаецца побач з намі ў грымёрцы, — загадкавы музыка Георгій Дабро, які “трапіў на імпрэзу па запрашэнні дырэктара клуба" і лічыць, што скакаць са сцэны не мае сэнсу.
“Мне ўжо не дазваляе ўзрост, становішча, некаторыя кандыцыі”, — смяецца Георгій. — “А ўвогуле Re:Public — гэта месца, дзе праходзяць дзіўныя мерапрыемствы і куды мяне чамусьці запрашаюць. Бо я ўвесь час тут неяк “не ў тэму”, але ў прынцыпе мяне прымаюць заўжды цёпла, таму я атрымліваю задавальненне ад выступаў тут, бачу свежыя твары.”
Георгій Дабро
Да свайго другога дня нараджэння Re:Public падрыхтаваўся грунтоўна: яшчэ летам у клубе адрамантавалі грымёрку, аднавілі інтэр’ер і запрасілі новага гукача.
Музыкі гурта "Мутнаевока" у грымёрцы
Тым часам гучаць апошнія акорды хэдлайнераў "Дай Дарогу!", і Ян Максімовіч запрашае ўсіх на вуліцу паглядзець святочны салют. Пакуль чакаем ды адлічваем апошнія хвіліны да феерверку, пытаемся ў кампаніі побач, чым іх вабіць Re:Public.
“Андэграўнд-музыкай! — кажа малады хлопец. — Напрыклад, у мяне "Дай Дарогу!" асацыююцца з Re:Public. Калісьці такія асацыяцыі былі яшчэ і з R-клубам, калі ён існаваў, вядома. Жадаем Re:Public развівацца і прытрымлівацца свайго стылю, па якім яго ўсе пазнаюць і за які любяць!”
"Дай Дарогу!"
Адыходзім на некалькі крокаў — насустрач рухаецца кампанія моладзі.
“О, Еўрарадыё! — пазнаюць нас. — Мы таксама хацелі б паўдзельнічаць у апытанні! Чаму мы прыходзім у гэты клуб? Бо тут класна. Але першае, што прыходзіць у галаву, — гэта “Дай Дарогу!”
“Слухайце, — кажам, — ну так жа нельга! Выдайце нам яшчэ якія-небудзь варыянты! Хіба толькі "Дай Дарогу!”?”
“Слэм! — ратуе сітуацыю дзяўчына. — Мы прыходзім сюды паслухаць класную музыку, пашалець і разняволіцца”.
Пасля феерверку публіка яшчэ доўга не разыходзіцца, абмяркоўвае канцэрт і вывучае афішу з наступнымі імпрэзамі. Стомлены і акружаны дзяўчынамі-прыхільніцамі Ян Максімовіч раздае аўтографы і шукае ахвочых дапамагчы яму зняць лінзы “а-ля-зомбі”:
“Першы раз за апошні час я па-сапраўднаму адпачываю ў клубе — звычайна я тут працую. Re:Public для мяне — вынік працы апошніх гадоў. Гэта месца, дзе людзі збіраюцца, каб пабачыць тое, што ім хочацца. І сённяшні натоўп людзей тут — яскравы гэтаму доказ. Абяцаем: гэта толькі пачатак!”
Андрэй Старцаў