Горад у Англіі адмовіўся ад забароны на мат, бо яе немагчыма было выконваць
Рада англійскага горада Рочдэйл адмовілася ад забароны на мат, якую сёлета ўвялі ў рамках праграмы абароны публічнай прасторы, перадае Бі-Бі-Сі. Акрамя забароны на мат была ўведзеная забарона на папрашайніцтва і распіццё спіртнога на вуліцах.
Прапанаваная забарона на мат адразу ж выклікала пратэсты праваабаронцаў. Адна з груп назвала яе "абуральным злоўжываннем уладай".
Адмовіцца ад забароны гарадская рада вырашыла паводле рэкамендацыі паліцыі, якая прызнала, што выканаць яе немагчыма. Таксама ў паліцыі заявілі, што ў краіне ўжо ёсць законы, якія рэгулююць ужыванне зняважлівых слоў у публічнай прасторы.
Праграма па абароне публічнай прасторы ў Рочдэйле была ўведзеная таму, што на вуліцах стала з'яўляцца шмат жабракоў. Праграму падтрымалі некаторыя крамы, якія скардзіліся на хамскія паводзіны пакупнікоў.
Акрамя жабравання і распіцця спіртнога ў рамках праграмы ўводзіцца забарона на "антысацыяльныя" паркоўку і кіраванне, а таксама катанне на скейтах, роварах і мапедах. Амаль за ўсе парушэнні прадугледжаны штраф у 1000 фунтаў стэрлінгаў (1334 даляра паводле цяперашняга курсу).
Меркавалася, што ў праграму ўключаць яшчэ каменданцкую гадзіну для падлеткаў у цэнтры і забарону на несанкцыянаваную раздачу ўлётак. Але гэтыя пункты ўсё ж былі выключаныя.