Грошы для школ і садкоў цяпер будзе збіраць толькі апякунская рада
Міністэрства адукацыі забараніла збіраць грошы бацькоўскім камітэтам садкоў і школ. Гэта вынікае з пастановы Мінадукацыі № 126 ад 28 снежня 2016 года. Але грошы будуць збірацца па-ранейшаму, проста цяпер гэтым будзе займацца апякунская рада ўстановы адукацыі.
Гэта адзначае Мінадукацыі ў сваім каментарыі да пастановы:
“Бацькоўскія камітэты гімназій, школ і дзіцячых садоў не маюць права збіраць грошы на патрэбы ўстаноў адукацыі. У дакументах выразна вызначана, што садзейнічанне ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі з'яўляецца адной з задач апякунскага савета ўстановы адукацыі. Пры гэтым члены бацькоўскага камітэта ўстановы адукацыі, кіраўнікі ўстановы адукацыі ўзгадняюць кірунак, памеры і парадак выкарыстання сродкаў апякунскага савета”.
Згодна з пастановай, грошы цяпер будуць пераводзіцца на рахунак школы ці гімназіі. Апякунская рада школы, гімназіі ці садка складаецца з законных прадстаўнікоў вучняў (бацькоў), супрацоўнікаў установы адукацыі і прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў. То бок грошы будуць збіраць усё тыя ж бацькі.