“Грузіны галасавалі супраць мінулай улады, а не за Саломэ Зурабішвілі”

“Грузіны галасавалі супраць мінулай улады, а не за Саломэ Зурабішвілі”

Іраклі Парчхідзэ, сузаснавальнік і віцэ-прэзідэнт Грузінскага інстытута стратэгічных даследаванняў. Былы першы намеснік міністра па рэінтэграцыі, а таксама экс-намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Грузіі і колішні намеснік сакратара Нацыянальнага савета бяспекі Грузіі.

 

Еўрарадыё: Давайце падвядзём вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Апазіцыя прайграла ці ўсё ж не?

“Грузіны галасавалі супраць мінулай улады, а не за Саломэ Зурабішвілі”

Іраклі Парчхідзэ: Залежыць ад таго, як глядзець. Улады прадэманстравалі, што яны спачатку пераацанілі свае магчымасці, а потым спрабавалі неяк кампенсаваць пройгрыш у першым туры. Думаю, што ў іх будуць праблемы з легітымнасцю. Паводле экспертаў, сітуацыя ў дзень выбараў паказала праблемы, якія ў будучыні трэба будзе вырашаць. Так, улады перамаглі, але трэба глядзець, які кошт яны заплацяць за сваю перамогу.

Еўрарадыё: А Расія выйграла праз такі вынік выбараў?

Іраклі Парчхідзэ: У кароткатэрміновай перспектыве, напэўна, так, але тое, што будзе адбывацца, наўрад ці будзе на руку Крамлю. Настроі насельніцтва ўсё ж антыкрамлёўскія. Вынікі выбараў не сведчаць пра тое, што людзі прагаласавалі за Крэмль ці за палітыку la détente, le rapprochement [за адлігу і збліжэнне. — Еўрарадыё] з Крамлём. Выбары паказалі: тыя сілы, што сімпатызуюць Крамлю, не маюць вялікага рэсурсу. І тое, што адбывалася ў другім туры, гэта пацвярджае. Пасля фактычнай паразы ў першым туры Саломэ Зурабішвілі больш публічна не агучвала тыя выказванні, якiя былi для яе праблематычнымi.

Еўрарадыё: Што будзе ў бліжэйшыя два гады перад парламенцкімі выбарамі?

Іраклі Парчхідзэ: Пераможцы думаюць, што ліквідавалі прэзідэнцкую ўладу. Партыя ўлады думае, што паўнамоцтвы прэзідэнта мусяць быць сімвалічнымі. І тое, што адбывалася, кажа, што ў іх няма вялікіх чаканняў ад самой Саломэ Зурабішвілі — не толькі як ад кандыдата, але і як ад прэзідэнта. Прэзідэнт будзе вялікай галаваломкай для кіруючай партыі, бо яна амбіцыйная, неўраўнаважаная, на другім плане прасядзець больш за 5 гадоў наўрад ці зможа. Самае галоўнае для Грузіі — гэта час перад парламенцкімі выбарамі. Ёсць шмат пытанняў, на якія ў улад няма адказу. Уся іх кампанія будавалася на негатыве мінулага, але нічога новага яны не прапаноўвалі. Iх цяперашняя малая перамога не азначае, што ў іх будзе перамога падчас парламенцкіх выбараў. Ва ўлады шмат пытанняў з палітычным бачаннем. А таксама праблема з адным чалавекам — Бідзінам Іванішвілі, які думае, што можа кіраваць усім без балансу ў сістэме. Улада не гатовая перамагаць у канкурэнтным асяроддзі. Пра гэта сведчыць i рэпрэсіўны рэсурс, які яна выкарыстала, і тое, што галасы проста набывалі, а ў адзінкавых выпадках яшчэ нават дадаецца сімбіёз з крыміналітэтам. І эканамічная сітуацыя ў краіне ім таксама не на руку. У людзей менш грошай, валюта лары губляе вартасць, яны не рэфармуюць тыя сектары, якія прыносілі дадатковыя прыбыткі. Кіруючая партыя займалася толькі ціскам на апазіцыйныя сілы. А Грузія застанецца дэмакратыяй, бо краіна залежыць ад Захаду. Грузіны ў большасці сваёй падтрымліваюць еўраінтэграцыю і інтэграцыю ў НАТО. Тое, што мы мусім ісці на Захад, — гэта волевыяўленне нашага народа. Таму для кіруючай партыі бліжэйшыя два гады будуць змаганнем з самой сабою. Да таго ж, у сістэме няма палітычных лідараў. Кіруе ўсім Іванішвілі, але ён не прэм'ер-міністр, ён не тая асоба, якая штодня хоча займацца працай ураду.

Еўрарадыё: Падаецца, што першым, хто прайграў у гэтых выбарах, стаў Міхаіл Саакашвілі. Выглядала на тое, што калі апазіцыя пераможа на галасаванні, то экс-прэзідэнт вернецца ў Грузію і адновіць сваю палітычную кар’еру. Цяпер такі варыянт падзей немагчымы.

Іраклі Парчхідзэ: Мне падаецца, што гэтыя выбары не для Саакашвілі. Сярод экспертаў пануе меркаванне, што гэта быў такі рэферэндум, які мог даць магчымасць палітыку вярнуцца ў Грузію. Аднак гэтыя выбары паказалі, што людзі проста стаміліся ад цяперашняй улады і больш ёй не давяраюць. Больш за тое, фактар Саакашвілі мог сыграць негатыўную ролю для апазіцыі. У свой час менавіта экс-прэзідэнт вельмі шмат зрабіў для краіны. Менавіта ён з тэрыторыі, якая называлася Грузія, стварыў дзяржаву. Але цяперашнія палітыкі мусяць зразумець перадусім, што яны з сябе ўяўляюць. На дадзены момант Саакашвілі па-за палітычным полем у Грузіі, і таму апазіцыя мусіць аб’яднаць рэсурсы, а не арыентавацца на аднаго лідара.

Еўрарадыё: Бліжэйшыя два гады перад парламенцкімі выбарамі новы прэзідэнт будзе ўмацоўваць свае пазіцыі, а што будзе рабіць апазіцыя?

Іраклі Парчхідзэ: Думаю, што новы прэзідэнт будзе разумець, што яна нелегітымная, паколькі людзі аддавалі свае галасы не ёй. Грузіны галасавалі супраць мінулай улады, а не за яе як асобу. І таксама нi для каго не сакрэт, што падчас выбараў былі ўжытыя рэпрэсіўныя рычагі. У Саломэ Зурабішвілі даволі нізкі ўзровень асабістай падтрымкі. Мне падаецца, што яна будзе вельмі слабай палітычнай фігурай.

Што датычыцца апазіцыі, то яна павінна ўсвядоміць, якім чынам будзе рухацца наперад. Думаю, што праз два гады людзі павінны галасаваць не супраць кагосьці, а за нешта. Калі апазіцыя здолее стварыць сур’ёзную праграму, то яна выйграе парламенцкія выбары.

Справа ў тым, што ўлада не зможа нават фальсіфікаваць вынікі галасавання, бо ў яе не хопіць рэсурсаў. Зараз уся ўладная структура факусіруецца на адным чалавеку, які мае сур’ёзныя сродкі. Актывы Іванішвілі — гэта амаль двухгадовы бюджэт Грузіі. Ён вельмі багаты, ён можа купляць, ён можа зрабіць так, каб палітыкі былі залежныя ад яго, але ён не стане ствараць. Ён — алігарх, які не можа трансфармаваць, а ўмее толькі кансерваваць. Такім чынам, я не веру, што ўлада з падтрымкай такога чалавека зможа заручыцца падтрымкай грамадства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі